Расейцы адхілілі дэдалярызацыю
- 3.12.2020, 19:04
Доля даляра ў расейскіх актывах толькі расце.
Курс на дэдалярызацыю фінансавай сістэмы, абвешчаны прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і кіраўніцай ЦБ Эльвірай Набіулінай, не сустрэў падтрымкі ў расейскага насельніцтва і бізнэсу, піша finanz.ru.
Заявы Пуціна аб надыходзячым краху амерыканскай валютнай сістэмы і пастанова ЦБ РФ пазбавіцца ад даляравых актываў у рэзервах ніяк не змянілі стаўленне да валюты ЗША ў прыватным сектары эканомікі.
Доля даляра ў замежных актывах нефінансавага сектара за апошнія 7 гадоў не змянілася і на 2020 год складае 45%, адзначаюць у аглядзе аналітыкі ING.
Доля даляра ў абароце валютных таргоў на Маскоўскай біржы за апошні год нават вырасла і дасягнула 83%. «Палітычна матываваная дэдалярызацыя зверху», піша ING, закранула толькі сферы, якія паддаюцца прамому дзяржкантролю.
Так, ЦБ РФ практычна цалкам ліквідаваў укладанні ў амерыканскія дзяржаўныя пазыкі і знізіў долю даляра ў золатавалютных рэзервах да 20%. Пры гэтым у сярэднім сусветныя цэнтрабанкі трымаюць у амерыканскай валюце 60% актываў, а доля плацяжоў праз сістэму SWFT у ёй складае блізу 40%.
Доля даляра ва ўгодах па гандлі сыравінай абрынулася з прыкладна 80% да 49% за 7 гадоў, дзякуючы пераходу на аплату ў еўра і кітайскіх юанях.
У еўрапейскую валюту, а таксама ў рублі буйныя карпарацыі імкнуцца перавесці сваю знешнюю запазычанасць. У выніку доля даляравых пазык апусцілася да 37%, хоць у 2013 годзе іх было блізу паловы.
Аднак дэдалярызацыя прыватнага сектара была «найбольш сур'ёзным выклікам», і дагэтуль «жаданні памяншаць даляравыя актывы не назіраецца ні ў банкаў, ні ў нефінансавых карпарацый, ні ў хатніх гаспадарак», адзначае ING.
«Падобна, прыватны сектар РФ працягвае давяраць даляру і гатовы ахвяраваць прыбытковасцю і рызыкаваць у сувязі з магчымымі санкцыямі. Каб дамагчыся прагрэсу, неабходна павышэнне даверу да нацыянальнай валюты, або з'яўленне глабальнай, альбо ж рэгіянальнай альтэрнатывы даляра. У адваротным выпадку фінансавая стабільнасць у Расеі застанецца схільная да санкцыйнай рызыкі (па даляру) і рызыкі стабільнасці еўрапейскай банкаўскай сістэмы (па еўра)», - робяць высновы экспэрты банка.