BE RU EN

У Малдове праходзяць пратэсты супраць спробаў пазбавіць Санду кантролю над спецслужбамі

  • 3.12.2020, 17:20

Сацыялісты спрабуюць зрабіць гэта за некалькі тыдняў да ўступлення новаабранага прэзідэнта на пасаду.

Тысячы прыхільнікаў абранага прэзідэнта Малдовы Маі Санду выйшлі ў чацвер на акцыю пратэсту супраць спробы парламента краіны пазбавіць Санду магчымасці кантраляваць органы бяспекі за некалькі тыдняў да ўступлення ў пасаду, паведамляе Голас Амерыкі.

Санду (у мінулым - эканамістка, якая працавала ў Сусветным банку), якая імкнецца ўмацаваць сувязі Малдовы з Захадам, атрымала перамогу над дзейным прамаскоўскім прэзідэнтам краіны Ігарам Дадонам. Пры гэтым у парламенце Малдовы дамінуюць сацыялісты - хаўруснікі Дадона.

У апошнія гады палітычнае жыццё Малдовы было адзначанае нестабільнасцю і карупцыйнымі скандаламі.

Санду ахарактарызавала крокі, накіраваныя на пазбаўленне яе магчымасці кантраляваць Службу інфармацыі і бяспекі як спробу ўзурпацыі ўлады.

«Народ прагаласаваў за нас на выбарах, каб мы пакаралі злодзеяў і вярнулі народу скрадзеныя грошы», - сказала Санду ў звароце да ўдзельнікаў дэманстрацыі.

«Злодзеі спалохаліся, яны хочуць захаваць ранейшыя карупцыйныя схемы, хочуць выкінуць голас народа на памыйніцу», - дадала яна.

Сацыялісты сцвярджаюць, што, паколькі Малдова з'яўляецца парламенцкай рэспублікай, кантроль над спецслужбамі павінен належаць парламенту.

Падчас дэманстрацыі прыхільнікі Санду крычалі «Далоў мафію!» і «Далоў Дадона!». Многія ўдзельнікі акцыі былі ў масках праз пандэмію COVID-19.

Праца парламента была спыненая пасля таго, як заканадаўцы з партыі Санду, падтрыманыя і прадстаўнікамі іншых груповак, блакавалі цэнтральную трыбуну.

Апошнія навіны