BE RU EN

Прэзідэнт Арменіі выступае за адстаўку ўрада

  • 29.11.2020, 18:22

На думку Армена Саркісяна, яго мае змяніць часовы ўрад нацыянальнай згоды.

Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян мяркуе, што ўрад краіны мае сысці ў адстаўку пасля паразы ў карабахскай вайне. Сустракаючыся ў Маскве з прадстаўнікамі армянскай грамады ў Расеі ў нядзелю, 29 лістапада, ён заявіў, што гэта адзіная развязка для "ўсякай краіны, дзе адбываецца такая трагедыя", перадае DW.

"Калі палітычны дзеяч моцны - ён можа потым вярнуцца. Нельга ацэньваць крызіс толькі колькасцю прысутных на плошчы людзей. Гэта не толькі крызіс дзяржавы, але і нацыі - праваабарончы, псіхалагічны, фінансавы, эканамічны, гуманітарны", - цытуе Саркісяна "Інтэрфакс".

Правядзенне пазачарговых выбараў і стварэнне часовага ўраду нацыянальнай згоды, які складаецца з тэхнакратаў, ён назваў "цывілізаваным шляхам" выйсця з сітуацыі. Такі ўрад, са слоў кіраўніка армянскай дзяржавы, мае "прапрацаваць максімум адзін год - да новых выбараў", а за гэты час варта правесці рэферэндум і ўнесці змены ў канстытуцыю, замацаваўшы ў ёй усенародныя выбары прэзідэнта.

Пасля таго, як 9 лістапада прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян і прэзідэнты Азербайджана ды Расеі Аліеў і Уладзімір Пуцін падпісалі заяву аб поўным спыненні баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху, паводле якой непрызнаны Нагорны Карабах аддае Азербайджану істотную частку сваёй тэрыторыі, у Арменіі выбухнуў палітычны крызіс. Урад у Ерэване пакінуў цэлы шэраг міністраў, аднак, нягледзячы на заклік з боку прэзідэнта Армена Саркісяна, сам прэм'ер Пашынян заявіў, што не мерыцца падаваць у адстаўку.

Апошнія навіны