Як цяпер трапляюць да лекараў у Менску
- 28.11.2020, 16:34
Пра намёты і іншыя «залы чакання» для каранавірусных пацыентаў.
Журналістка kp.by Ларыса Юдзіна паглядзела, як абараняюць тых, хто праз захаванне дыстанцыі ў чарзе да лекара апынаецца на вуліцы.
У Заводскім раёне Менска ля паліклінік - а дакладней, побач з уваходамі для хворых з высокай тэмпературай - з'явіліся «залы чакання». Гэта для таго, каб людзям, якія і без таго сябе дрэнна адчуваюць, не даводзілася дрыжаць на ветры або мокнуць пад дажджом, чакаючы ў чарзе тэсту на каранавірус або кансультацыю. На вуліцу, вядома ж, ніхто нікога не выганяе. Здараецца, што чарга выходзіць за сцены паліклінік, калі людзей збіраецца шмат - яны ж цяпер хоць і ў масках, але імкнуцца трымацца на прыстойнай дыстанцыі адзін ад аднаго.
Жанчына, якую я сустрэла ў пятніцу ўдзень у намёце ля 17-й паліклінікі, ухваляе такую ініцыятыву:
- Гэта трэба! Таму што вельмі шмат людзей. На мінулым тыдні муж стаяў на вуліцы. Ужо з гэтага тыдня быў аўтобус для чакання, потым яго прыбралі і намёт паставілі.
Намёт, у якім мы размаўляем, вялізны і трывалы. Зроблены з брызенту, унутры паклалі драўляны насціл, паставілі восем лавак, ёсць акенцы, частка з якіх прадбачліва завешаная.
Белая драпіроўка на сценах нагадала мне пра тое, што гадоў 20 таму я гуляла на вясковым вяселлі ў такім жа брызентавым будынку. Сваякі казалі, што арандавалі яго ў былога вайскоўца. Для вясельнага застолля месца ў такім намёце было дастаткова. А для кавідных хворых і пагатоў. Вось ужо хвілін 10 як мы гутарым, а ніхто ў палатку і не зазірнуў. У паліклініцы ў гэты час ля інфекцыйных кабінетаў, са слоў маёй суразмоўніцы, чалавек 15.
- Муж цяпер там, у паліклініцы, я толькі што адтуль, - расказвае яна. - Тут мне яго пачакаць - самае тое. Стаяць на вуліцы холадна, а ў паліклініцы не хочацца. Прыйшла, села і чакаю.
- Дык вы ўсёй сям'ёй хварэеце?
- Ну так. Муж ужо два тыдні, а я тыдзень. У мяне тэмпература 38 была, мяне ўсю дрэнчыць... Лекарка прыйшла да мяне, прашу мазок, а яна: «Не паложана». Я платна здала кроў - станоўчы вынік на каранавірус. Муж таксама зрабіў платна пасля таго, як два тыдні прахварэў - і ў яго. Вось і пайшоў цяпер да лекара, каб зразумець, што далей рабіць.
У намёце ля 21-й паліклінікі такіх гаваркіх суразмоўцаў я не сустрэла. Ды і палатка там зусім іншая - лёгкі бела-сіні павільён. У такіх летам ладзяць перасоўныя кавярні. Унутры бывае шмат смачнага, ля раздачы піва і шашлыкоў тоўпяцца людзі...Цяпер у павільёне з ўсёй абстаноўкі толькі тры лаўкі, абцягнутыя поліэтыленам.
Пацыентаў, якія прыйшлі б сюды хавацца ад дажджу і ветру, разам са мной беспаспяхова чакае здымачная група з тэлевізіі. Лёгкі павільён трымціць і калышацца на ветры як ветразь. Ахвотных пераканацца ў трываласці гэтай схованкі пакуль няма. Ды і пацыентаў, мяркуючы з усяго, няшмат. «І дзесяці чалавек няма», - кідае на хаду дзяўчына пад чырвоным парасонам.
І замыкае сённяшні топ-3 «залаў чакання» для кавідных пацыентаў аўтобус каля паліклінікі ў Шабанах. Праўда, і ён быў пусты. А мяне пераконвалі, што пятніца - адзін з самых гарачых дзён у аддзяленнях, дзе прымаюць кавідных пацыентаў!
Дарэчы, у гэты дзень, 27 лістапада, паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, быў пабіты дзённы рэкорд у колькасці захварэлых на каранавірус за ўвесь час распаўсюджвання COVID-19 у Беларусі - 1 621 чалавек.