Вірусолагі вызначылі самую раннюю прыкмету COVID-19
- 27.11.2020, 17:30
Яна з'яўляецца яшчэ да страты нюху.
У Гішпаніі навукоўцы вызначылі самую раннюю прыкмету інфікавання COVID-19, якая з'яўляецца яшчэ да страты нюху. Адпаведнае даследаванне правялі спецыялісты Барселонскага ўніверсітэта, піша lenta.ua.
Як растлумачылі вірусолагі, блізу 80% інфікаваных скардзяцца на страту нюху. Гэта адбываецца з прычыны высыхання клетак, якія адыгрываюць важную ролю ў працы рэцэптараў. Праяўляецца гэтая стадыя адчуваннем сухасці ў насаглотцы, а ўзнікае гэты сімптом яшчэ да знікнення нюху.
Навукоўцы правялі эксперымент з удзелам 35 каранавірусных хворых з лёгкім цячэннем COVID-19. Блізу 70% заявілі, што заўважалі дзіўныя адчуванні і сухасць у насаглотцы перад тым, як у іх знікла здольнасць вызначаць пах рэчываў. Гэтая стадыя, са слоў інфікаваных, прадаўжалася амаль 12 дзён.
Навукоўцы ўважаюць гэта за самую раннюю прыкмету COVID-19, а тлумачаць яе высыханнем нюхальнага эпітэлію, размешчанага ў насавой паражніне на верхняй насавой ракавіне, і келіхападобных клетак, якія выдзяляюць неабходную для абароны ад пранікнення вірусаў слізь.