BE RU EN

Віцэ-міністр працы Польшчы: Мы спрашчаем умовы прыёму на працу для беларусаў

  • 27.11.2020, 16:41

Са снежня беларусы, якія маюць гуманітарную візу, вызваляюцца ад абавязку атрымліваць дазвол на працу.

Польшча спрашчае фармальнасці для беларусаў, якія захочуць уладкавацца на працу. З пачатку снежня грамадзяне Беларусі, якія маюць гуманітарную візу, будуць вызваленыя ад абавязку атрымліваць дазвол на працу, - тлумачыць намесніца міністра развіцця, працы і тэхналогій Івона Міхалек. Гэта тычыцца лекараў і медсясцёр, а таксама беларускіх IT-спецыялістаў, якія прыязджаюць у Польшчу ў рамках праграмы Poland Business Harbour, паведамляе «Польскае радыё».

«У Беларусі на гэты момант складаная грамадска-палітычная сітуацыя, і мы хацелі б, каб грамадзяне гэтай краіны мелі ў нас магчымасць працаваць», - падкрэсліла намесніца міністра Міхалек.

Пры гэтым яна адзначыла, што праца беларусаў у Польшчы, асабліва ў сістэме аховы здароўя, на гэты момант вельмі запатрабаваная.

«Я штодня атрымліваю па некалькі паведамленняў з польскіх рэгіёнаў, што там бракуе лекараў, медсясцёр, медыцынскіх ратавальнікаў. У перыяд пандэміі яны вельмі запатрабаваныя. Важна, каб нашы грамадзяне атрымлівалі добрую медыцынскую дапамогу», - адзначыла намесніца кіраўніка ўстановы.

Намесніца міністра Міхалек таксама звярнула ўвагу, што сітуацыя на рынку працы ў Польшчы адна з найлепшых ва ўсім Еўразвязе, гэта ўжо некалькі месяцаў пацвярджаюць звесткі Еўрастата. Таксама звесткі Галоўнай статыстычнай управы за кастрычнік сведчаць аб тым, што беспрацоўе ў Польшчы не расце.

За 5 месяцаў беспрацоўе ўтрымліваецца на адным і тым жа ўзроўні - 6,1%.

Апошнія навіны