BE RU EN

«Сумленне больш важнае за пенсію»: гісторыя прапаршчыка, які пайшоў з войска пасля выбараў

  • 24.11.2020, 17:55

У рапарце Аляксей Шаметавец напісаў, што страціў давер да беларускіх уладаў.

Аляксей Шаметавец - былы вайсковец в/ч 07147 Цэнтральнага каманднага пункта ВПС-СПА. Ён адзін з тых вайскоўцаў, якія не засталіся ў баку ад палітычных падзей, што адбываюцца ў Беларусі. Гвалт з боку сілавікоў у жніўні - асноўная прычына, з якой Аляксей наважыў завязаць са службай ва Узброеных Сілах, паведамляе «Еўрарадыё».

- Я служыў згодна з кантрактам на пасадзе камандзіра аддзялення. Крыху пазней пайшоў на павышэнне, у званні прапаршчыка стаў тэхнікам аддзялення. Гэта была мая канчатковая прыступка службы, - распавядае Аляксей. - Я быў нязгодны з вынікамі выбараў і жорсткім абыходжаннем [сілавікоў. - заўв.]. Дзясятага жніўня, калі я ехаў дадому побач з метро «Пушкінская», я патрапіў у самае пекла. Я бачыў на свае вочы, які гвалт чыняць там тыя ж самыя афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты.

РАЗГОН СІЛАВІКАМІ АКЦЫІ ПРАТЭСТУ 10 ЖНІЎНЯ, МЕНСК
ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

- Калі я спытаў у сябе ў часці, чаму тыя сілавікі так сябе паводзілі, мне адказалі: «Гэта не вайсковыя людзі». Я кажу: «Пачакайце, гэта ж сілавыя структуры, такія ж, як і мы?» А мне адказваюць: «Не, гэта не так».

У рапарце я проста ўказаў прычыну свайго звальнення: «Страціў давер да ўраду Рэспублікі Беларусь. Прычынай таму стала фальсіфікацыя мінулых выбараў, а таксама гвалт з боку сілавых структур».

РАПАРТ АЛЯКСЕЯ НА ІМЯ КАМАНДЗІРА ВАЙСКОВАЙ ЧАСТКІ 07147
ФОТА: «ІНСТАГРАМ»

- Я напісаў рапарт, атэстацыйная камісія была супраць майго звальнення. Мяне гэтым абурылі, і я сказаў, што буду сыходзіць па-дрэннаму: буду прагульваць, і тады давядзецца звольніць паводле артыкула. На наступны дзень мяне выклікаў камандзір часці. Ён прапанаваў падумаць да панядзелка. Але да панядзелка справа не дайшла: камандзіру патэлефанавалі ў пятніцу і сказалі мяне звольніць. Са спісаў часці мяне выключылі 27 жніўня.

Мой бацька быў «афганцам», але сыход з войска сям'я ўспрыняла нармальна. У нас у сям'і ніхто не падтрымлівае цяперашнюю ўладу, акрамя бабулі. На выбарах я першапачаткова разглядаў дзве кандыдатуры - Бабарыкі і Цапкалы. Але потым давялося выбраць Ціханоўскую.

Аляксей Шаметавец не хавае, што пасля звальнення браў удзел у мірных мітынгах. Неяк раз ледзьве не патрапіў у аўтазак, але пашанцавала - адпусціў амапавец.

На думку Аляксея, войска не бярэ ўдзелу ў палітычным жыцці краіны з адной прычыны: звальненне пагражае стратай звыклага ладу жыцця і вайсковай пенсіі на гарызонце.

- Ведаю вельмі шмат нязгодных людзей з войска. Але некаторыя падпалкоўнікі і маёры не могуць сысці, бо ў іх да пенсійнага тэрміну засталося ўсяго некалькі гадоў. Ім шкада гэта ўсё кідаць, бо потым, магчыма, не зможаш вярнуцца. Таму проста спрабуюць сядзець, маўчаць.

Разам са мной сышоў маёр з майго аддзела. Многія пасля нас спрабавалі сысці, але іх вярталі і не пускалі. Са мной абышліся добра: у мяне ніводнай вымовы за шэсць з паловай гадоў. Проста не ведалі, за што ўчапіцца. А з маёрам разыходзіліся дрэнна, крычалі ў яго бок «Ты здраднік народа!».

ФОТА: АЛЯКСЕЙ ШАМЕТАВЕЦ/«ІНСТАГРАМ»

- Тое, што было 9-11 жніўня, - гэта ненармальна. Паводле Канстытуцыі кожны чалавек мае права на голас, а 9-11 жніўня ні закону, ні Канстытуцыі ў Беларусі не было. Тое, што я назіраў, было для мяне шокам, - падсумоўвае Аляксей.

Перад тым, як пайсці служыць, Аляксей скончыў Бярэзінскі аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй у спецыяльнасці «Абслугоўванне электраабсталявання». Мае досвед працы электрыкам, спецыялістам для абслугоўвання вентыляцыйнага абсталявання, халадзільных установак, электраагрэгатаў. Цяпер ён актыўна шукае працу ва ўсякай сферы.

Апошнія навіны