BE RU EN

Настаўнік гандбольнага «Віцязя»: Мы бачым раскол ва ўсіх сферах

  • 5.10.2020, 20:23

Кіраўніку Беларускай федэрацыі гандбола Уладзіміру Канаплёву страшна.

Галоўны трэнер «Віцязя» Кастусь Якаўлеў пракаментаваў зняцце каманды з чэмпіянату, адзначыўшы, што стала брыдка знаходзіцца ў гэтым турніры, паведамляе «Трибуна».

- Ты разумеў, якія могуць быць наступствы пасля адмовы праводзіць матч?

- Ведаеш, як кажуць: калі ў цябе хата гарыць, ты не думаеш пра наступствы. Ты спрабуеш зрабіць нешта хутка, аператыўна. І калі ў цябе сябра забіраюць у турму, табе таксама трэба максімальна хутка аказаць нейкую дапамогу. Асабліва пра наступствы я не думаў. Калі трохі супакоіўся, пачаў меркаваць, што можа быць. Разумеў, што проста так гэта не пакінуць, тым больш мне хлопцы з каманды сказалі, што магчымая дыскваліфікацыя.

- Дык вось, табе сказалі, што каманду могуць зняць з чэмпіянату.

- Адзінае, што я тады сказаў: «Няхай падавяцца». Ды і як па-іншаму? Ты вось уяві. З «Машэкі» нам ніхто не патэлефанаваў, не спытаў, як у нас справы, што адбываецца. Толькі адзін з трэнераў патэлефанаваў і спытаў: «Вы сапраўды не будзеце гуляць? Вы нас не падманваеце? А то мы цяпер не прыедзем, а вы выйдзеце, і нам залічаць тэхнічную паразу за не прыход». Ты ўяўляеш, які цырк? Але на ўсялякі выпадак магілёўцы прыехалі ў Менск. Вось у такім грамадстве мы жывём.

- Ты думаў, што каманду могуць выключыць з чэмпіянату, ці лічыў, што выпішуць, напрыклад, нейкі штраф, альбо прыменяць нейкае больш мяккае пакаранне?

- Шчыра, мне проста ў пэўны момант нават брыдка стала знаходзіцца ў гэтым чэмпіянаце. Перад сезонам былі амбіцыі, хацелася заняць трэцяе-чацвёртае месца, тым больш каманда сабралася класная. Дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам. Але потым... Як можна знаходзіцца побач з тымі людзьмі, якія працуюць у БФГ, напрыклад? Ці тымі, хто нават у цяперашняй сітуацыі маўчаць і ніяк не рэагуюць на сённяшнія падзеі?

- Калі б федэрацыя не зняла «Віцязь» з чэмпіянату, вы б сышлі самі?

- БФГ на сваёй старонцы ў сацсетках размясціла навіну пра нашу дыскваліфікацыю. І потым пад ёй з'явілася паведамленне, што «Віцязь» зрабіў гэта спецыяльна, таму што каманда не планавала ўдзельнічаць у чэмпіянаце далей. Пісаў гэта прэс-аташэ федэрацыі Андрэй Балецкі ад свайго імя, нібыта як заўзятар, хоць усе выдатна ведаюць, якую пасаду ў БФГ ён займае. Як гэта наогул трактаваць? І пачынае тлумачыць, па якіх пунктах рэгламенту прымалася гэтае рашэнне. Але калі мы гаворым аб рэгламенце, то я магу сказаць наступнае.

Мы бачым раскол ва ўсіх сферах. Як стала мне вядома ў дзень, калі была прынятая пастанова пра наша выключэнне з чэмпіянату, на пасяджэнні спачатку некаторыя адмаўляліся ад удзелу ў галасаванні. Наколькі я разумею, СТК (спартыўна-тэхнічны камітэт) наогул не займаецца гэтымі пытаннямі, такія рашэнні прымае выканкам федэрацыі. Ёсць інфармацыя, што на гэты раз рашэнне прыняў Канаплёў асабіста, заставалася толькі надаць яму сілу праз СТК. Мы выдатна разумеем, што зараз сабраць выканкам баяцца. Там жа будзе шмат людзей, якія будуць галасаваць. Адна справа - прымусіць нешта зрабіць некалькіх чалавек на заробку, іншае - многіх менш залежных. Мы бачым, як звальняюць самых заслужаных кіраўнікоў за тое, што іх падапечныя маюць сваё меркаванне. Думаю, Канаплёву таксама страшна. Не столькі за сваё месца, колькі за статус набліжанага.

СТК цішком правялі. Нідзе так не робяць! У прэсе ніякай інфармацыі не было. Ведаю, што хлопцы з «Трибуны» тэлефанавалі з гэтай нагоды ў БФГ, даведваліся, але ім нічога не сказалі. Калі вы хочаце выгнаць каманду з чэмпіянату, як мінімум папярэдзьце кіраўнікоў клуба, выслухайце іх пазіцыю. Гэта як абвінаваціць чалавека, не паслухаўшы яго. Як такое магчыма? У БФГ спасылаюцца на нейкія пункты рэгламенту. Так, калі ласка, але ёсць жа чыста чалавечыя адносіны. Вы што-небудзь пра гэта ведаеце? Вы можаце пачуць людзей? Пасяджэнне СТК - чыстая фармальнасць, там рашэнне ўсё роўна прымае адзін чалавек. Галасуй, не галасуй, усё роўна атрымаеш... Нават калі ўсе скажуць «пакідаем каманду», а Канаплёў скажа, што яе трэба здымаць, зробяць так, як сказаў старшыня БФГ.

Увогуле, усё зроблена нахабна і цішком. А кіруе гэтым усім Канаплёў, які ў свой час сумяшчаў пасаду старшыні федэрацыі з абавязкамі «дэпутата». Гэты чалавек будзе мне казаць, што спорт па-за палітыкай? Так растлумач мне, калі ласка, тады, што робяць спартоўцы на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, калі спорт па-за палітыкай! - сказаў Якаўлеў.

Апошнія навіны