BE RU EN

Супраць вусатага маразматыка паўстала ўся краіна

  • МАКСІМ ВІНЯРСКІ
  • 3.10.2020, 10:18

Бессэнсоўна спрабаваць злавіць увесь народ.

Наогул, мне нават шкада крыху халуёў дыктатуры. Брудныя, потныя, стомленыя, днямі і начамі кідаюцца яны па горадзе ў апастылых чорных масках-балаклавах, хто ў цывільным, хто ў форме, а хто і ў аліўкавых лахманах. Хто з пахам перагару, хто з пашыранымі зрэнкамі, хто нібыта і ў норме, але ўсё адно, усе аднолькава загнаныя.

Носяцца па горадзе дзясяткі мікрааўтобусаў, машын з мігалкамі, аўтазакаў. Такое адчуванне, што краіна палае ў агні. То тут успыхне, то там. І так кожны дзень, і не раз на дзень.

Не паспееш разагнаць студэнтаў на ганку ўніверсітэта, а ўжо трэба здзіраць сцяг на «Каскадзе». Толькі скраў кветкі з мемарыяла памяці Аляксандра Тарайкоўскага, а там ужо запальваюць свечкі. І той жа злосны надпіс - «Не забудземся, не прабачым» - зноў праступае скрозь шэрую фарбу.

І не ўсім жа выпадае арыштоўваць зорку баскетбола ў аэрапорце (тут і аўтограф можна ўхапіць, падсунуўшы што-небудзь у месца пратакола). Хтосьці ж павінен і па дварах Серабранкі блукаць, выглядаючы вячэрні марш ці вывешаны сцяг. А тут бо і заблудзіцца можна, і спатыкнуцца, і траўму якую атрымаць.

Не паспелі захапіць адміна аднаго тэлеграм-канала, а ўжо створаны новы, з іншым адмінам. А то і не адзін. А тым часам па-ранейшаму публікуюцца персанальныя звесткі супрацоўнікаў. Асобным персанажам і пад'езд ужо распісалі словамі «забойца» і «кат», і аўта «акультурылі». Ды і самі супрацоўнікі раз-пораз кідаюць усё і звальняюцца, ці проста сабатуюць аддадзеныя загады.

Дзень за днём пад брэх Балабы і Карпянкова пакінутыя бегаюць, спрабуючы злавіць міфічных «арганізатараў» пратэсту, і не бачаць, што арганізатар побач з імі. Той самы вусаты маразматык з аўтаматам, супраць якога паўстала краіна.

Бессэнсоўна спрабаваць злавіць увесь народ, не хопіць ніякай Бастыліі, не тое што Акрэсціна і Жодзіна. Прасцей спыніць гэта ўсё. І ўсё, што для гэтага трэба, ізаляваць таракана, узяўшы яго пад варту.

Рана ці позна гэтым жа і скончыцца. Але лепш рана, што б не запэцкацца ў крыві народа канчаткова. Каб не апынуцца ў шэрагу катаў, вышук якіх стане святой місіяй для наступнага за дыктатурай пакалення.

Спадзяюся, ніхто не забыўся, як мянялі імёны і дакументы і разбягаліся ў краіны без выдачы супрацоўнікі СС? Не трэба адцягваць канец дыктатара, рызыкуючы наблізіць уласны.

Максім Вінярскі, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны