BE RU EN

Кошты нафты абрынуліся да мінімуму за пяць месяцаў

  • 29.10.2020, 20:26

Сусветны рынак нафты закрывае кастрычнік рэкордным за паўгода падзеннем.

Пасля падзення на 5% у сераду на таргах у чацвер нафтавыя каціроўкі пакаціліся яшчэ ніжэй і апусціліся на 5-месячнае «дно».

На 18.03 па Менску студзеньскі ф'ючэрс на гатунак Brent таннее ў Лондане на 3,2%, да 38,4 даляра за барэль, а раней падаў да 37,26 даляра - мінімуму з 2 чэрвеня, паведамляе finanz.ru.

Кантакты на WTI ўкладаюцца па 36,08 даляра за бочку са зніжэннем кошту на 3,5%. У пачатку таргоў у Нью-Ёрку каціроўкі падалі ніжэй за 35 даляраў упершыню за 20 тыдняў.

За два гандлёвыя дні асноўныя эталонныя гатункі «чорнага золата» патаннелі амаль на 10%, а з пачатку кастрычніка страцілі ў кошце 11%, што стала найгоршым вынікам з сакавіка (тады падзенне дасягнула 54%).

Пахавальны марш для нафты зайграў у Еўропе, дзе захворванне на каранавірус падскочыла на 40% за тыдзень, вымусіўшы ўлады Францыі ды Нямеччыны ўвесці паўторны локдаўн.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель загадала зачыніць бары, рэстарацыі, спартыўныя залы і кінатэатры прынамсі на месяц. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясціў пра карантын, які пачнецца ў гэтую пятніцу і прадоўжыцца да 1 снежня, хоць, як і ў Нямеччыне, школы прадоўжаць працу.

З абмежавальнымі захадамі або без іх напалоханыя пандэміяй людзі будуць здзяйсняць менш паездак, што непазбежна адаб'ецца на спажыванні паліва, кажа галоўны стратэг SEB Б’ярн Шыльдрап.

На Еўропу прыпадае 20% сусветнага спажывання нафты. Перспектывы попыту і да «другой хвалі» выглядалі не найлепшым чынам, а карантынныя захады зробяць сітуацыю яшчэ горшай, папярэджвае Шыльдрап: «Рынкі чакаюць цяжкія месяцы да з'яўлення вакцыны».

У лістападзе і снежні здабыча нафты зноў можа перавысіць попыт, асабліва калі да Францыі ды Нямеччыны далучацца іншыя еўрапейскія краіны, прагназуе аналітык UBS Джавані Стаўнава. Гэта націсне на ОРЕС+, якой, магчыма, давядзецца як мінімум адмовіцца ад планаў нарасціць здабычу са студзеня 2021, мяркуе кіраўнік даследаванняў сыравінных рынкаў ING Уорэн Патэрсан.

Сітуацыю ўскладняе аднаўленне здабычы ў Лібіі, якая плануе цягам 4 тыдняў дадаць мільён барэляў новых штодзённых паставак, паказвае Стаўнава.

Крызісны сцэнар, распрацаваны ОРЕС+ на кастрычніцкай нарадзе міністраў, прадказвае лішак нафты ў чацвёртым квартале 4 млн барэляў на дзень.

«Болевы парог» для ОРЕС знаходзіцца блізу 35 даляраў за барэль Brent, мяркуе галоўны аналітык OANDA Джэфры Хэлі: калі кошты сыдуць ніжэй, картэль паспрабуе кінуць ім «выратавальнае кола».

«Каб выйсці з заняпаду, рынку патрэбныя добрыя навіны што да стымулаў у ЗША, альбо вербальная падтрымка ад ОРЕС», - кажа Хэлі.

Апошнія навіны