BE RU EN

«Польскае радыё»: У Менску прайшла магутная акцыя пратэсту

  • 25.10.2020, 18:56

Больш за 200 тысяч чалавек удзельнічалі ў нядзелю ў Менску ў Маршы супраць рэжыму Лукашэнкі.

Як перадае «Польскае радыё», вялікая калона дэманстрантаў сабралася на праспекце Пераможцаў. Затым дэманстранты рушылі ў бок вуліцы Машэрава. Яны неслі бел-чырвона-белыя сцягі і скандавалі «Жыве Беларусь». СМІ пішуць, што сённяшняя дэманстрацыя - самая вялікая акцыя пратэсту ў гэтым месяцы.

Нядзельныя акцыі пратэсту ў Менску і іншых беларускіх гарадах супадаюць з заканчэннем тэрміну ультыматуму, які уладам у Менску 13 кастрычнiка выставіла Святлана Ціханоўская. Яна абвінаваціла цяперашні рэжым у дзяржаўным тэроры і запатрабавала, каб да 26 кастрычніка Лукашэнка абвясціў аб сыходзе з пасады, гвалт на вуліцах быў цалкам спынены, а ўсе палітвязні вызваленыя.

Ціханоўская перасцерагла, што ў выпадку невыканання ейных патрабаванняў 26 кастрычніка на прадпрыемствах Беларусі пачнецца ўсеагульны страйк, будуць блакаваныя аўтатрасы і спыненая праца гандлёвых цэнтраў і крам.

Апошнія навіны