BE RU EN

«Мы вас прасілі, вы нас не пачулі, затое ўбачыце. Вельмі хутка»

  • 24.10.2020, 15:36

Амаль тысяча калегаў заступілася за работніка БМЗ, які ўдзельнічаў у страйку.

У чацвер, 22 кастрычніка, прынятае канчатковае кадравае рашэнне па работніку БМЗ Віталю Савельеву, якога судзілі за ўдзел у страйку на заводзе 17 жніўня, пішуць «Сильные новости».

Падчас адбыцця тэрміну адміністрацыйнага арышту завадчаніна на працоўнае месца прыйшло паведамленне, што з ім не будзе працягнуты кантракт, тэрмін якога мінае 4 лістапада. Калектыў прадпрыемства быў абураны і сабраў амаль тысячу подпісаў пад хадайніцтвам, адрасаваным генеральнаму дырэктару БМЗ Дзмітрыю Корчыку.

«Паважаны Дзмітрый Аляксандравіч!

Мы, працаўнікі завода, уважаем сваім абавязкам выказацца ў падтрымку і абарону нашага калегі слесара-рамонтніка 6 разраду Савельева В.В.

На заводзе Віталь Віктаравіч працуе ўжо больш за 20 гадоў, 18 з іх непасрэдна ў ЭСПЦ-1, дзе паспяхова выконвае свае абавязкі дагэтуль. На працягу ўсяго часу працы ён не атрымаў ніводнага спагнання.

Рацыяналізатарская прапанова Савельева В.В. (Мантаж/дэмантаж цыліндру халадзільніка МНЛЗ-2) была высока ацэненая на заводзе і ўкаранёная ў вытворча-тэхналагічны працэс, што дапамагло зэканоміць значныя грашовыя сродкі.

Мы ведаем яго як прафесіянала сваёй справы і надзейнага таварыша. Яго ўзровень кваліфікацыі і ўменняў цалкам адпавядае пасадзе, якую ён займае.

Акрамя гэтага, Віталь Віктаравіч выхоўвае непаўналетняе дзіця-інваліда, а наша прадпрыемства, як сацыяльна-арыентаванае, не павінна пакінуць яго сам-насам са сваімі праблемамі.

Просім вас, як дасведчанага кіраўніка прадпрыемства, прыслухацца да нашага меркавання і падоўжыць з Савельевым В.В. кантракт».

Тыдзень таму на прыёме ў генеральнага дырэктара Дзмітрый Корчык прызнаўся, што ўражаны колькасцю подпісаў у хадайніцтве і паабяцаў зрабіць усё, што ад яго залежыць: пагутарыць асабіста з начальнікам Савельева, з калектывам, высветліць, ці сапраўды ён такі добры спецыяліст.

На днях адбылася вырашальная асабістая сустрэча Віталя з Дзмітрыем Корчыкам, на якой у ходзе гадзіннай гутаркі генеральны дырэктар сказаў, што не можа падоўжыць завадчаніну кантракт, бо гэтым ён праявіць слабасць.

- Пайсці насустрач людзям - гэта слабасць?! Гэта называецца чалавечнасцю, Дзмітрый Аляксандравіч! - кажуць калегі Савельева, што падпiсаліся ў хадайніцтве. - Мы вас прасілі, вы нас не пачулі. Затое ўбачыце. Хутка. Вельмі хутка!

Апошнія навіны