BE RU EN

Беларускія ўлады забаранілі ўшанаванне памяці ахвяр Слуцкага гета

  • 22.10.2020, 12:39

Ускладанне кветак ахвярам Халакоста расцанілі як «несанкцыянаваны мітынг».

Увечары 21 кастрычніка невялікая групка случчакоў ледзь паспела ўскласці кветкі да помніка ахвярам слуцкага гета, як з'явіліся міліцыянты і абвясцілі іх вінаватымі ва ўчыненні правапарушэння, піша журналістка і грамадская актывістка Зінаіда Цімошак для «Новага часу».

Сустрэчу з нагоды 77-годдзя знішчэння Менскага гета і 79-й гадавіны кастрычніцкіх расстрэлаў габрэяў у Слуцку, начальнік Слуцкага РАУС Аляксандр Голікаў расцаніў як несанкцыянаваны мітынг. Як былому настаўніку гісторыі мне вельмі хацелася расказаць маладым случчакам пра трагічныя падзеі кастрычніка 1941 гады ў Слуцку, але пры з'яўленні аўтазака давялося пакінуць месца каля помніка. Ніхто з прысутных так і не зразумеў, чаму міліцыя разагнала людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяраў Галакосту - ніякіх палітычных сімвалаў у прысутных не было.

Ліквідацыя габрэяў у Слуцку была настолькі жудаснай, што ніхто і не збіраўся дадаваць у гэтую тэму сучасную палітыку. Былі толькі кветкі і невялікі ціхі расповед пра зверствы фашыстаў пры знішчэнні людзей — нават сам камісар Слуцкай акругі Карл у дакладзе аб знішчэнні слуцкіх габрэяў у кастрычніку 1941 года гаўляйтэру Кубэ дзівіўся садызму зондэркамандаў.

Але без санкцыі дзяржавы грамадзянам нельга збірацца нават для таго, каб ушанаваць памяць ахвяраў. Без санкцыі дзяржавы нельга ўспамінаць, як фашысты ў канцы кастрычніка 1941 года выстраілі цэлую калону накрытых грузавікоў каля будынка гарадскога Савета, пачалі хапаць габрэяў і заганяць у машыны. Як паўсюль чулася страляніна і на вуліцах валяліся трупы расстраляных людзей. Як 5 тысяч чалавек (дарослых і дзяцей) вывезлі ва ўрочышча Гараваху ў некалькіх кіламетраў ад горада, дзе былі выкапаны ямы. Як людзей раздзелі дагала… Як гвалцілі маладых дзяўчат… Як доўга пасля таго, як магілы былі засыпаны зямлёй, некаторыя людзі яшчэ жылі і спрабавалі выбрацца з-пад трупаў і зямлі.

Усяго за два гады ў Слуцку былі знішчаны 18000 тысяч чалавек — толькі за тое, што іх нацыянальнасць не падабалася нацыстам. Апошняя ліквідацыя слуцкіх габрэяў ужо ў другім гета, у цэнтры цяперашняга Слуцка, выглядала яшчэ больш жахліва. 8 лютага 1943 года, каб ніхто не схаваўся, жывых людзей і будынкі спальвалі агнямётамі. Абгарэлыя людзі кідаліся на калючы дрот і там дагаралі. Тыя случакі, хто выпадкова стаў сведкам, на доўгія гады былі душэўна траўмаваны.

Мне вельмі б хацелася, каб міліцыянты падышлі да нас і паслухалі, пра што я распавядаю. На нейкі момант начальнік міліцыі Аляксандр Голікаў падышоў да прысутных і крыху пастаяў побач… А пасля адвярнуўся і пайшоў ахоўваць свой закон аб масавых мерапрыемствах — даў каманду прыехаць аўтазаку.

Дарэчы, напярэдадні ў мясцовым тэлеграм-канале хтосьці з случакоў размясціў аб'яву аб ускладанні кветак ахвярам Халакосту. Начальнік міліцыі гэту інфармацыю прачытаў і папярэдзіў у тэлеграм-канале аб тым, што да ўсіх удзельнікаў будзе прымяняцца артыкул 23.34, прыгразіў ізаляцыяй да панядзелка. Таму асмеліліся прыйсці з кветкамі толькі 14 чалавек.

Дарэчы, шмат якія ўдзельнікі чата не пагадзіліся з такімі пагрозамі і нават узнікла адмысловая спрэчка.

Яшчэ адна ўдзельніца чата тэлеграм-канал «Слуцкая Телега» Наталля палічыла, што «начальнік занадта многа на сябе бярэ, героем сябе адчувае, толькі геройства гэта сумніўнае».

— Ніводнага разу не ўскладала кветкі, але ў гэтым годзе, як і многія беларусы, многія рэчы раблю ў першы раз, — кажа жанчына.

«Если все, кто захочет, будет организовывать мероприятие по своему желанию, — будет хаос», — выказвае сваю думку ў чаце начальнік Слуцкага РАУС.

Галіна Міхайлаўна Тычына ўзначальвае грамадскае аб’яднанне Слуцкай габрэйскай абшчыны. Яна прыйшла да помніка ахвярам гета ўжо пасля таго, як сышлі людзі.

— Я так удзячна людзям, якія прыйшлі наведаць ахвяр Халакоста ў гэтыя памятныя кастрычніцкія дні! Шчыра дзякуем ім! Дзякуй за такія прыгожыя кветкі і за Памяць! — так Галіна Міхайлаўна ацаніла тое, што міліцэйскі начальнік назваў «хаасам». Па словах Галіны Міхайлаўны, дзяржаўныя дэлегацыі тут ускладваюць кветкі толькі на вялікія святы.

Апошнія навіны