BE RU EN

Еўрапарламент заклікаў ЕЗ увесці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 21.10.2020, 20:05

Еўрадэпутаты назвалі дзеянні ўладаў Беларусі крымінальнымі.

У Еўрапарламенце ўважаюць, што Еўразвязу варта падумаць над увядзеннем сектаральных санкцый у дачыненні да Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў рэкамендацыі Рады ЕЗ і вярхоўнаму прадстаўніку ў замежнай палітыцы Жазепу Барэлю ў дачыненнях з Беларуссю. Гэты дакумент быў зацверджаны ў сераду, 21 кастрычніка. Як паведамляе карэспандэнт «Немецкой волны», «за» прагаласавалі 602 еўрадэпутаты, 44 былі «супраць», яшчэ 44 устрымаліся.

Якія санкцыі супраць Менска Еўрапарламент прапаноўвае ўзмацніць

«Разгледзець сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія маглі б узмацніць ціск на рэжым, але не павінны прывесці да доўгатэрміновага негатыўнага ўплыву на насельніцтва», - гаворыцца ў рэкамендацыі. Дакумент не з'яўляецца абавязковым да выканання, але Рада ЕЗ, якае вызначае замежную палітыку аб'яднання, павінна ўзяць яго пад увагу.

Раней Еўразвяз ужо ўвёў санкцыі супраць 40 высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, якіх у ЕЗ уважае адказнымі за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый пратэсту. На мінулым тыдні Рада ЕЗ наважыла пачаць падрыхтоўку да занясення ў санкцыйны спіс і асабіста Аляксандра Лукашэнку, які абвесціў сябе прэзідэнтам Беларусі паводле вынікаў выбараў 9 жніўня. Еўрапарламент жа рэкамендуе дадаць у спіс не толькі Лукашэнку, але яшчэ і «значную колькасць» чыноўнікаў вышэйшага рангу і сярэдняга звяна, «адказных за парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека».

Еўрадэпутаты заклікалі таксама завяршыць працу па стварэнні механізму санкцый за парушэнне правоў чалавека. Адпаведную прапанову ў панядзелак унесла Еўракамісія. Яго яшчэ павінна зацвердзіць Рада ЕЗ. У сваёй рэкамендацыі Еўрапарламент заклікаў прымяніць гэты механізм супраць беларускіх чыноўнікаў, «уключаючы следчых і суддзяў, якія вядуць крымінальныя справы супраць палітычных зняволеных».

Еўрадэпутаты назвалі дзеянні ўладаў Беларусі «крымінальнымі»

У дакуменце дзеянні рэжыму Лукашэнкі названыя не толькі супярэчнымі прынцыпам дэмакратыі, еўрапейскіх каштоўнасцяў і волі народа Беларусі, але і кваліфікуюцца як «крымінальныя». Еўрапарламент «запатрабаваў неадкладна спыніць гвалт, жорсткія рэпрэсіі, катаванні і пераслед мірных пратэстоўцаў». Акрамя таго, еўрадэпутаты ўважаюць неабходным правесці дбайнае міжнароднае расследаванне «злачынстваў, учыненых супраць жыхароў Беларусі праваахоўнымі органамі».

Дакумент заклікае Еўразвяз разгарнуць спецыяльную праграму падтрымкі «ахвярам палітычных рэпрэсій і міліцэйскага гвалту»: юрыдычныя кансультацыі, матэрыяльная і медыцынская дапамога, магчымасць для рэабілітацыі.

У гэтым кантэксце еўрадэпутаты заклікалі пашырыць дзейсныя з 2006 года санкцыі, якія забараняюць пастаўляць у Беларусь сродкі, якія можна выкарыстоўваць для падаўлення пратэстаў. У гэты спіс яны прапаноўваюць занесці, напрыклад, выведвальныя беспілотнікі.

Місія для Беларусі з былых прэзідэнтаў і прэм'ераў

Еўрапарламент заклікаў улады Беларусі пагадзіцца на дыялог і як мага хутчэй правесці новыя, свабодныя і справядлівыя выбары. На думку еўрадэпутатаў, сапраўдная канстытуцыйная рэформа ў Беларусі магчымая толькі пасля такіх выбараў.

Унесены ў дакумент і шэраг прапаноў, выказаных напярэдадні падчас абмеркавання Еўрапарламентам праекта рэкамендацыі. Між іншым, еўрадэпутаты выступаюць за стварэнне спецыяльнай місіі, сфармаванай з былых прэзідэнтаў і прэм'ер-міністраў краін ЕЗ. Такая місія «павінна была б дапамагчы спыніць гвалт, спрыяць вызваленню палітычных зняволеных і затрыманых, а таксама праверыць на ўнутраным і міжнародным узроўні ўсе магчымасці стварэння ўмоў для інклюзіўнага палітычнага дыялогу ў Беларусі», - гаворыцца ў прынятай рэкамендацыі.

Апошнія навіны