BE RU EN

Дачка кампазітара, які напісаў «Магутны Божа», жорстка адказала мітрапаліту

  • 21.10.2020, 21:55

«Магутны Божа» - не проста песня, гэта малітва да Бога.

Падчас выступу напярэдадні ў свята Пакровы ў гарадзенскай Свята-Пакроўскай катэдры мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін выказаўся пра гімн «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай і музыку беларускага кампазітара Мікалая Равенскага.

Кіраўнік БПЦ адзначыў, што «пакуль не варта выконваць спеў свецкага характару, які падзяляе нашае грамадства – хоць «Магутны Божа» і мае «духоўную афарбоўку».

Выказванні духоўных асобаў глыбока закранулі дачку Мікалая Равенскага.

- Я, дачка кампазітара Равенскага, не магла не адрэагаваць на заяву паважанага мітрапаліта Веньяміна з нагоды гімна або, як ён назваў, «песні» «Магутны Божа», кажучы, што яна мае свецкі характар і як бы падзяляе наша грамадства і мае ўсяго толькі духоўную афарбоўку, - сказала Вольга Мікалаеўна «Салідарнасці».

Суразмоўніца не згодная з тым, што малітва, звернутая да Бога, можа мець «палітычную канатацыю».

- Ці не вы падзяляеце таварыства гэтай заявай? Гэты гімн - не проста песня, гэта малітва да Бога. Як можна ўгледзець палітычную падаплёку ў малітве, якая не заклікае да гвалту, забойства, хлусні?

А, можа, гэта воля Божая, каб менавіта праз гэты гімн народ спазнаў Бога, ягоную волю, ягоную сілу. І «калі ж яно ад Бога, то вы не зможаце іх спыніць, а толькі самі апыняцеся спаборнікам Бога», - прывяла Вольга Мікалаеўна верш з «Дзеяў Апосталаў».

Дачка Равенскага распавяла, што бацька напісаў музыку на вершы Наталлі Арсенневай, з сумам пра Радзіму ў акупаванай Германіі, у лагеры для інтэрнаваных, куды вымушаны быў бегчы, каб не быць расстраляным.

- Бацька скончыў Маскоўскую кансерваторыю і курсы рэгентаў у Маскве і Пецярбургу. Ён напісаў цэлы цыкл духоўнай музыкі, якую сёння выконваюць падчас набажэнстваў у розных краінах свету. У савецкія часы, калі «Магутны Божа» спявалі падпольна, доўгі час уважалася, што музыка ў гімна народная, імя бацькі не называлі, - распавяла Вольга Равенская.

Яе радуе тое, што сёння разам з гэтым творам людзі ўзгадваюць і адданае забыццю імя яе бацькі.

- Я не думаю, што мірны народ заклікае да Бога аб праўдзе проста так падчас выканання гэтага гімна. Мне здаецца, малітве ніяк нельга «надаць духоўную афарбоўку». Можа быць, паважаны мітрапаліт, вам варта было б аддаць Богу падзякі за народ, які ад сэрца ўзносіць малітву, а не бярэцца за зброю, каб праліваць кроў? - мяркуе Вольга Мікалаеўна.

«Магутны Божа» ўважаўся за рэлігійны гімн для пасляваеннай беларускай эміграцыі. У некаторых варыянтах ён нават называўся «Малітва пра Беларусь».

У 1993 годзе спецыяльна створаная камісія Вярхоўнага Савета прапаноўвала зацвердзіць гэты твор у якасці афіцыйнага дзяржаўнага гімна Беларусі.

Менавіта яго назва была ўзятая ў якасці назвы Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», які з 1993 года штогод праходзіць у Магілёве ў касцёле Узнясення на нябёсы Найсвяцейшай Панны Марыі.

Мікалай Равенскі таксама напісаў адзін з варыянтаў музыкі да яшчэ аднаго твору, які прэтэндаваў стаць гімнам Беларусі, - «Пагоні» Максіма Багдановіча.

Апошнія навіны