BE RU EN

Нямецкія і аўстрыйскія дэпутаты ўзялі шэфства над беларускімі палітвязнямі

  • 21.10.2020, 17:09

"Народ Беларусі павінен ведаць, што мы разам з ім і падтрымліваем яго ў імкненні да свабоды і дэмакратыі".

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швайцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй "Libereco-партнёрства за правы чалавека", дэпутаты Юрген Хардт (Бундэстаг, Нямеччына), Лукас Мандль (Еўрапарламент, Аўстрыя) і Райнхальд Лапатка (Нацыянальная рада, Аўстрыя) сталі "хроснымі" Ігната Сідорчыка, Дзяніса Кірэшчанкі i Дзяніса Чыкалёва, піша spring96.org.

ПРАДСТАЎНІК ПАРЛАМЕНЦКАЙ ГРУПЫ ХДС/ХСС У ЗАМЕЖНАЙ ПАЛІТЫЦЫ Ў БУНДЭСТАГУ ЮРГЕН ХАРДТ
ФОТА: SPRING96.ORG

Юрген Хардт, прадстаўнік парламенцкай групы ХДС/ХСС у замежнай палітыцы ў нямецкім Бундэстагу, стаў "хросным" палітвязня Ігната Сідорчыка. Ён заявіў:

"Цягам некалькіх тыдняў людзі ў Беларусі патрабуюць свабоды, справядлівасці і дэмакратыі. Каб матываваць моладзь у Беларусі прадаўжаць цвёрда прытрымлівацца свайго бачання свабоднай Беларусі ў рамках вяршэнства закона, я стаў "хросным" зняволенага рэжысёра Ігната Сідорчыка ў супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй Libereco. Я выказваю сваю салідарнасць з мірнымі дэманстрантамі і рашуча асуджаю жорсткія рэпрэсіі з боку Лукашэнкі. Таму я заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітвязняў безумоўна і без шкоды ім, а таксама правесці свабодныя і сумленныя выбары".

ДЭПУТАТ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА ЛУКАС МАНДЛЬ
ФОТА: SPRING96.ORG

Лукас Мандль, дэпутат Еўрапарламента, чалец камісіі ў правасуддзі і ўнутраных справах, заявіў з нагоды сваёй пастановы стаць "хросным" зняволенага Дзяніса Кірэшчанкі:

"Дзяніс Кірэшчанка быў арыштаваны, бо ён рэалізоўваў сваё права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання. У Еўропе XXI стагоддзя такога не павінна быць. Жорсткія паводзіны рэжыму ў Беларусі з'яўляюцца і застаюцца непрымальнымі. Народ Беларусі павінен ведаць, што мы разам з ім і падтрымліваем яго ў імкненні да свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закона. З перакананасцю я бяру на сябе абавязак "хроснага" Дзяніса Кірэшчанкі і патрабую ягонага неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх астатніх палітвязняў".

ДЭПУТАТ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ РАДЫ АЎСТРЫІ РАЙНХОЛЬД ЛАПАТКА
ФОТА: SPRING96.ORG

Райнхольд Лапатка, дэпутат Нацыянальнай рады Аўстрыі і кіраўнік дэлегацыі Аўстрыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, падтрымаў Дзяніса Чыкалёва. Ён заявіў:

"Павагу і свабоду Дзянісу Чыкалёву і ўсім грамадзянам Беларусі! Трэба падтрымліваць гэты велізарны дэмакратычны рух. Вызваленне ўсіх палітвязняў і свабодныя і справядлівыя паўторныя выбары павінны адбыцца як мага хутчэй".

Швайцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco заклікае беларускія ўлады вызваліць грамадзянку Швайцарыі Наталлю Хершэ, затрыманую месяц таму, 19 верасня, падчас мірнага жаночага маршу ў Менску.

Яна прыехала на радзіму ў верасні і была затрыманая за тое, што нібыта сарвала балаклаву з супрацоўніка міліцыі падчас затрымання.

9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя "Libereco-партнёрства за правы чалавека" пачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяр палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі "хроснымі" сарака трох палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.

Апошнія навіны