BE RU EN

Ніна Багінская жорстка адказала Лукашэнку

  • 21.10.2020, 11:44

Супраць узурпатара падняўся ўвесь народ.

Актывістка Ніна Багінская зняпраўдзіла трызненне дыктатара Лукашэнкі, быццам яна «працавала ў ахове Зянона Пазняка», паведамляе «Радыё Свабода».

«Гэта ён кажа, каб апраўдаць сваю ахову, у якой тысяча чалавек. А ў Пазьняка ніколі не было аховы, былі сябры, якія з ім сустракаліся, часам ішлі побач. - сказала Ніна Багінская.

Са слоў Ніны Багінскай, дыктатар пра яе зноў сказаў няпраўду.

«Гэта яго бяда - хлусіць ва ўсім. Ён нібыта мяне пахваліў за адданасць поглядам. Але не сказаў, што ў мяне палову пенсіі ўжо які год забіраюць (для аплаты шматлікіх штрафаў. - РС). Хіба гэта не рэпрэсіі? Ужо каторы год я не плачу за транспарт, але цяпер простыя пасажыры пазнаюць, вітаюць, выказваюць падтрымку, так і кантралёрам сорамна мяне чапаць».

Яна назвала «двудушнасцю» распараджэнне Лукашэнкі «не забіраць Багінскую з плошчаў»

«Ён добра ведае мой узрост, што за 70 гадоў, і тое, што ў мяне хранічная хвароба, у мяне бываюць прыступы, вось нядаўна перад маршам выклікалі хуткую. Дык гэта міліцыянты грошы ашчаджаюць, калі не чапаюць мяне на плошчах, бо потым ад праблем не адкараскаешся, толькі і ўсяго».

Са слоў Ніны Багінскай, сімвалам пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, перш за ўсё моладзь, а Лукашэнка, як мяркуе актывістка, зайздросціць людзям, якія маюць сапраўдную, а не фальшывую папулярнасць.

«Хай не хваліць Багінскую, гэта народ супраць яго падняўся. Наша выдатная моладзь пачала аднаўляць нашы нацыянальныя сымбалі, сцяг і пагоню, нарабіла сцягоў ва ўсіх раёнах, нарабіла сувеніраў, паўсюль вывешвае бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта значыць, што вернецца і беларуская мова, без якой не будзе Незалежнасці і ўлада народа. Таму - Жыве Беларусь!», - сказала Ніна Багінская.

Апошнія навіны