Яшчэ трое супрацоўнікаў МЗС Беларусі звольніліся на знак пратэсту
- 2.10.2020, 16:31
Беларуская амбасада ў Латвіі «фактычна абезгалоўленая».
З МЗС звольніліся яшчэ трое супрацоўнікаў, піша «Наша ніва».
На гэтым тыдні з цэнтральнага апарата звольнілася Аляксандра Грыдзюшка, якая была дарадцай галоўнай кадравай управы МЗС. Паводле інфармацыі выдання, Аляксандра апошнім часам выказвала нязгоду з палітыкай дзяржавы.
А з амбасады Беларусі ў Рызе звольніліся адразу двое супрацоўнікаў Аляксей Мацюхевіч (дарадца-пасланнік) і Андрэй Аўраменка (старэйшы дарадца).
«17 гадоў у дыпламатыі - усё, дзякуй усім. Адкрыты для прапаноў», - напісаў Аўраменка ў сацсетках.
У сярэдзіне верасня Лукашэнка зняў з пасады пасла Беларусі ў Латвіі Васіля Маркавіча «за неналежнае выкананне службовых абавязкаў». Цяпер, са слоў выдання, беларускае пасольства ў Латвіі «фактычна абезгалоўленае».