BE RU EN

Прэм'ер Літвы папярэдзіў бізнэс, які працуе ў Беларусі

  • 2.10.2020, 7:48

Праз беззаконне можна страціць усё.

У сувязі з тым, што Беларусь апошнім часам зрабіла больш жорсткія патрабаванні да работы літоўскіх аўтаперавозчыкаў, прэзідэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозак Linava Ромас Аўстынскас кажа, што сітуацыя стабілізавалася. І ўсё ж частку плыні грузаў перавозчыкі стараюцца накіроўваць праз латвійска-расейскую мяжу, у аб'езд Беларусі, паведамляе delfi.lt.

- Праца на мяжы стабілізавалася, аўтамабілі правяраюцца на мяжы і едуць далей, але на ўнутраную мытню іх ужо не накіроўваюць, - сказаў BNS Аўстынскас.

Генеральны сакратар Linava Зянонас Буйвідас сказаў, што частка перавозчыкаў стараецца накіроўваць грузавікі праз мяжу Латвіі і Расеі, у аб'езд Беларусі.

Аднак, як сказаў Буйвідас BNS, у такім выпадку «пачынаюцца заторы на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю».

Начальнік Аддзела прэвенцыі Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс у чацвер сказаў BNS, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы цяпер звычайная.

Між тым на памежным пераходзе Церахава, што на латвійска-расейскай мяжы, цяпер чакае блізу 200 грузавікоў, аднак гэта нармальная сітуацыя, кажа Мішуціс, спасылаючыся на звесткі латвійскіх памежнікаў.

Разам з тым прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс прызнаў, што сітуацыя ў Беларусі прадстаўляе пагрозу для дзейнага там літоўскага бізнэсу.

- У выпадку з асобнымі сектарамі гэтая пагроза ёсць. Мы бачым, што дзейнічае «традыцыйная» для Беларусі схема, калі ў кампанію прыходзіць беларускі аналаг нашай Службы расследавання фінансавых злачынстваў і высвятляе, глядзіць, можа, нейкія падаткі не заплацілі. Мы ўсе разумеем, хто і з якой мэтай паслаў. Гэта турбуе, паколькі там бізнэсу нямала, у яго могуць узнікнуць праблемы, - сказаў у інтэрв'ю Žinių radijаs Скверняліс.

Аднак ён паўтарыў, што Беларусі нявыгадна пераарыентаваць свае грузы з Клайпедскага порта ў расейскія.

- Эканамічныя параметры і ў выпадку з сыпкімі грузамі, і ў выпадку з нафтапрадуктамі (паказваюць), што Беларусі нявыгадна пераарыентаваць іх у расейскія парты. Гэта быў бы эканамічны крах, - сказаў Скверняліс.

Апошнія навіны