BE RU EN

Аліеў заявіў, што ў Азербайджана ёсць пацвярджэнне прысутнасці РФ у Нагорным Карабаху

  • 19.10.2020, 19:55

Прэзідэнт Азербайджана заявіў, што на тэрыторыю Арменіі была перакінутая з РФ «велізарная колькасць узбраення».

Азербайджанскае войска не мае патрэбы ў знешняй падтрымцы, у канфлікце вакол Нагорнага Карабаха яно паказала сваю баяздольнасць. Пра гэта прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў агенцтву ТАСС у інтэрв'ю, якое было апублікаванае 19 кастрычніка.

Ён зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што ў Нагорны Карабах маглі быць перакінутыя найміты з Сірыі і Лівіі. Аліеў адзначыў, што Расея і Францыя, якія заяўлялі пра магчымы ўдзел тэрарыстаў на баку азербайджанскага войска, не змаглі даць доказаў.

Аліеў заявіў, што ў перыяд эскалацыі канфлікту на тэрыторыю Арменіі была перакінутая з РФ «вялікая колькасць узбраення». Ён падкрэсліў, што ў Азербайджана ёсць пацвярджэнні: карты палётаў і тып узбраення.

У 1991 годзе Нагорны Карабах пры падтрымцы Арменіі абвясціў пра незалежнасць ад Азербайджана. Гэта прывяло да баявых дзеянняў, што доўжыліся да 1994 года. Узброены канфлікт завяршыўся падпісаннем Бішкекскага пратаколу пра перамір'е і спыненне агню, але час ад часу паміж бакамі ўзнікаюць узброеныя сутыкненні. За час канфлікту ў рэгіёне загінула больш за 30 тысяч чалавек. Азербайджан уважае Нагорны Карабах акупаванай Арменіяй тэрыторыяй. Паведамлялася пра загінулых і параненых вайскоўцаў і мірных жыхароў.

27 верасня 2020 года ў Нагорным Карабаху ўспыхнуў самы маштабны за апошнія гады канфлікт. Міністэрства абароны Азербайджана абвінаваціла Арменію ў «маштабнай правакацыі», абстрэле пазіцый азербайджанскага войска і абвясціла пра пачатак «імклівага контрнаступлення». Армянскія ўлады, у сваю чаргу, заявілі, што азербайджанскія вайскоўцы ініцыявалі наступ на Нагорны Карабах. Падчас канфлікту бакі выкарыстоўваюць танкі, цяжкую артылерыю і авіяцыю.

Вайсковае становішча ўвялі як у Арменіі, так і ў асобных раёнах Азербайджана. Абедзве краіны, якія ўдзельнічаюць у канфлікце, абвясцілі мабілізацыю.

Апошнія навіны