BE RU EN

Дзяржава падманула кампаніі, якія будуюць АЭС?

  • 18.10.2020, 12:21

Арганізацыі, занятыя яе ўзвядзеннем, нясуць рэкордныя бухгалтарскія страты.

Гэты год для галоўных кампаній краіны выдаўся надзвычай няўдалым у фінансавым плане, паведамляюць banki24.by. Страты па пятах пераследуюць флагманаў рэальнага сектара. Галоўныя страты былі сканцэнтраваныя ў прамысловасці і будаўніцтве. Страты будаўнічага сектара тлумачацца ўзвядзеннем Беларускай АЭС, дзе ў кампаній, якія яе будуюць, назіраюцца значныя бухгалтарскія страты, якія давялі некаторыя кампаніі да мяжы банкруцтва.

Фінансавы вынік працы камерцыйнай арганізацыі - гэта чысты прыбытак (альбо чыстая страта). Чысты прыбытак (страты) - гэта вынік складання прыбыткаў (страт) ад бягучай, інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці, які скарэктаваныя на падаткі і зборы. Калі вынік дадатны, гэта чысты прыбытак, калі не - страта.

Вынік працы па бягучай дзейнасці вызначае прыбытак (страты) ад рэалізацыі прадукцыі, а на вынікі па інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці моцна ўплываюць пазыковая нагрузка і курсавыя розніцы.

У 2020 годзе адбыліся 2 буйныя дэвальвацыі беларускага рубля - у сакавіку і жніўні. На фоне гіганцкіх валютных запазычанасцяў у дзяржсектары гэта прывяло да ўтварэння мільярдных адмоўных курсавых розніц.

Як і ў ранейшыя часы, уладам давялося прымаць спецыяльны ўказ, які дазволіў часова не паказваць такія страты. У 2020 годзе такім указам стаў дакумент пад №159. Ён даў права прадпрыемствам не паказваць частку страт аж да канца 2022 года.

Хоць указ №159 і прыглушвае агульную карціну, фон усё роўна застаецца негатыўным. За 8 месяцаў 2020 страты стратных прадпрыемстваў выраслі ў 7,1 раза да 7,057 млрд BYN. Удзельная вага стратных арганізацый павялічыўся з 15% да 19,1%.

У геаграфічным разрэзе самыя вялікія страты і самы хуткі рост страт паказалі прадпрыемствы з Гарадзенскай вобласці. У гэтым рэгіёне страты падняліся ў 49 разоў - да 3,235 млрд BYN. Доля стратных кампаній на Гарадзеншчыне павялічылася з 16,4% да 18,8%.

Напружаная сітуацыя ў Гарадзенскай вобласці звязана з будаўніцтвам АЭС у Астравецкім раёне. Арганізацыі, занятыя яе ўзвядзеннем, нясуць значныя бухгалтарскія страты.

- Унікальны выпадак у сусветнай практыцы: буйны дзяржаўны інвестыцыйны праект не прынёс падрадчыкам сур'ёзны прыбытак, а наадварот - паставіў на мяжу банкруцтва, - паведамляе telegram-канал «Экономика Беларуси».

У Менску страты прадпрыемстваў выраслі ў 4,2 раза да 1,881 млрд BYN, у Берасцейскай вобласці - да 273,5 млн BYN (утрая), у Віцебскай - да 203,2 млн BYN (у 2,9 разы), у Гомельскай - да 398,4 млн BYN (у 3,9 разы), у Менскай - да 473,5 млн BYN (у 3,4 разы), у Магілёўскай - да 592,3 млн BYN (у 7,2 разы).

Сярод відаў эканамічнай дзейнасці галоўныя страты былі сканцэнтраваныя ў прамысловасці (2,345 млрд BYN, рост у 5,5 разы) і будаўніцтве (2,799 млрд BYN,, рост у 13 разоў). Як было паказана вышэй, страты будаўнічага сектара тлумачацца ўзвядзеннем Беларускай АЭС.

Страты на транспарце выраслі ў 14 разоў да 658,1 млн BYN, у гандлі - у 3,6 разы да 356,9 млн BYN, у сферы гатэльнага і рэстарацыйнага (HoReCA) - у 12 разоў да 420,3 млн BYN.

Нагадаем, што міжурадавае пагадненне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ў Гарадзенскай вобласці было падпісанае 25 лістапада 2011 года. Яно прадугледжвае супрацоўніцтва ў праектаванні, будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю пад ключ двух энэргаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. На гэтыя мэты Расея выдала Беларусі экспартны крэдыт сумаю да 10 млрд даляраў. Сродкі выдзелены для фінансавання 90% кошту работ па генкантракт на будаўніцтва АЭС. Яшчэ 10% аплачвае беларускі бок. На 50% сумы кожнай выкарыстанай часткі крэдыту павінны былі налічацца працэнты паводле стаўкі 5,23% гадавых, на другую палову раты крэдыту працэнтная стаўка - «LIBOR для 6-месячных дэпазітаў у далярах ЗША, павялічаная на маржу сумаю ў 1,83 працэнтных пункта гадавых».

Аднак 14 лютага прэзідэнт заявіў пра гатоўнасць выставіць Маскве санкцыі за зрыў тэрмінаў уводу БелАЭС. З яго слоў, «Атамбудэкспарт» (структура «Расатама») павінен быў у 2018 годзе ўвесці ў эксплуатацыю першы энэргаблок, у 2019-м - другі.

Таму Лукашэнка пачаў таргавацца і прапанаваў замест выплаты штрафных санкцый знізіць працэнтную стаўку па крэдыце да «таго ўзроўню, як вы будуеце ў Вугоршчыне, у В'етнаме (дзесьці блізу 3% гадавых)», і крэдыт Беларусь «пачне выплачваць не праз два гады, а праз пяць».

У Мінфіне Расеі заявілі, што трэба шукаць кампрамісы ў іншай плоскасці, бо «адначасова надтачыць перыяд выкарыстання сродкаў крэдыту і паменшыць працэнтную стаўку не адпавядае фінансавай тэорыі».

У выніку быў распрацаваны дакумент, згодна з якім Беларусі могуць падоўжыць перыяд выкарыстання крэдыту да канца 2022 года, замяніць дзейную «змешаную» працэнтную стаўку па крэдыту на фіксаваную суму 3,3% гадавых, а таксама перанесці дату пачатку выплаты асноўнай запазычанасці па крэдыту з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023 года.

Паводле стану на 1 красавіка 2020 года Беларусь выкарыстала 4,33 млрд даляраў сродкаў крэдыту. Прагнозны кошт праекта будавання АЭС, паводле звестак «Расатама», не перавысіць 6 млрд даляраў.

Тым часам падчас форуму па развіццю электрамабільнасці E-Mobility 2020 міністр энэргетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што першы энэргаблок Беларускай АЭС гатовы на 98%.

- Цяпер гатоўнасць першага энэргаблока БелАЭС ацэньваецца ў 98%. Ужо праведзеная загрузка свежага ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара, выкананы гідравыпрабаванні. Цяпер на апошняй стадыі знаходзіцца этап фізічнага пуску, калі рэактарная ўстаноўка выведзена на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці. Плануем, што ўжо ў пачатку лістапада на першым энэргаблоку пачнецца энэргетычны пуск, а гэта ўжо вытворчасць першых кілават-гадзін з выдачай іх у энэргасістэму краіны. Увод энэргаблока ў эксплуатацыю плануецца ў першым квартале 2021, - сказаў Віктар Каранкевіч.

Будаўніча-мантажныя работы на другім энэргаблоку станцыі выкананы на 75%, праводзіцца індывідуальнае апрабаванне асноўнага тэхналагічнага абсталявання. Увод блока ў эксплуатацыю запланаваны на 2022 год.

Відавочна дзяржава плануе пачаць разлічвацца з падраднымі арганізацыямі ў 2022 годзе, менавіта на гэты тэрмін нядаўна перанеслі ўвод БелАЭС у эксплуатацыю, за кошт сродкаў ад рэалізацыі атамнай электраэнэргіі. Аднак дагэтуль ужо падаспее тэрмін выплаты першага крэдытнага раты Расеі, і вялікая імавернасць, што будаўнічыя арганізацыі так і не ўбачаць сваіх грошай за выкананыя працы.

Апошнія навіны