BE RU EN

Знакаміты рэпер Snoop Dogg ацаніў працу дызайнера Уладзіміра Цэслера

  • 30.01.2020, 21:07

Амерыканскі рэпер, прадусар і актор выклаў у Instagram калаж з двух скульптур.

Вядомы рэпер пажартаваў, склаўшы калаж з двух скульптур. Першая - з подпісам «101 год да нашай эры», другая - «2020 год».

Каментатары ў інстаграме рэпера заўважылі, што другая праца належыць беларускаму мастаку Уладзіміру Цэслеру, якую ён жартам ахрысціў «Лера Мілоская». Цэслер павялічыў грудзі і вусны Венеры Мілоскай, намякаючы на новыя стандарты прыгажосці, папулярныя зараз у свеце. Гэта выява стала шырока распаўсюджвацца па сацсетках і, як бачым, дабралася і да Снуп Дога, паведамляе kp.by.

Цікава, што гэта далёка не першы зварот вядомага амерыканскага рэпера да беларускага мастацтва. У 2014 годзе ён выпусціў калекцыю адзення, якую наўпрост прысвяціў Беларусі. Ён назваў яе Snoop loves Belarus (Снуп любіць Беларусь). На майках, заплечніках, чахлах для iPhone і торбах для ноўтбукаў Snoop Dogg выкарыстаў беларускі арнамент, а фота таксама размясціў у сваім Instagram. Адзначым таксама, што Snoop Dogg даўно вядомы як паспяховы бізнэсовец, а не толькі рэп-выканаўца. У яго некалькі камерцыйных праектаў, сярод якіх і вытворчасць уласнай лініі адзення.

А яшчэ ён выкладваў у сваім Instagram фота графіці з Віцебска. Сцяна з выявай Тупака Шакура, аднаго з найвялікшых рэпераў сучаснасці, уразіла ўяўленне амерыканца. «Мастацтва. Проста дзіва!» - падпісаў ён скрыншот.

Апошнія навіны