BE RU EN

Навукоўцы: Лёгкія курца «чароўным чынам» аднаўляюцца, калі кінуць паліць

  • 30.01.2020, 18:47

Тыя нешматлікія клеткі, якія засталіся непашкоджанымі, здольныя аднавіць лёгкія.

Вашы лёгкія валодаюць амаль чароўнай здольнасцю вылечваць канцэрагенныя мутацыі, выкліканыя паленнем, заявілі навукоўцы. Але толькі ў тым выпадку, калі вы кінулі паліць, піша ВВС.

Мутацыі, якія прыводзяць да раку лёгкіх, уважаліся за перманентныя, якія назаўжды застаюцца нават у былых курцоў, якія не цягнуцца больш да цыгарэт.

Аднак нечаканыя вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Nature, сведчаць пра тое, што тыя нешматлікія клеткі, якія засталіся непашкоджанымі, здольныя аднавіць лёгкія.

Гэты эфект назіраўся нават у пацыентаў, якія палілі пачак цыгарэт за дзень цягам 40 гадоў, перш чым кінуць.

Хімічныя элементы, якія змяшчаюцца ў тытуні, руйнуюць ДНК клетак лёгкіх, якая ў выніку зазнае мутацыі, павольна ператвараючы іх са здаровых у канцэрагенныя.

Даследаванні паказалі, што гэта адбываецца ў лёгкіх курца яшчэ да ўзнікнення рака.

Большасць клетак, узятых з дыхальных шляхоў курцоў, зазналі мутацыі пад уздзеяннем тытуню. Такія клеткі ўтрымоўваюць да 10 тысяч генетычных змяненняў.

«Гэта як бомбы запаволенага дзеяння, якія чакаюць наступнага ўдару, каб узнік рак», - кажа доктар Кейт Гаўэрс, даследчык універсітэцкага каледжа Лондана (UCL).

Але невялікая частка клетак застаецца непашкоджанай.

Незразумела, як гэтыя клеткі пазбягаюць генетычных мутацый, выкліканых паленнем. Даследчыкі кажуць, што яны нібы «існуюць у ядзерным бункеры».

Але калі курэц адмаўляецца ад палення, менавіта гэтыя клеткі пачынаюць расці і замяшчаць пашкоджаныя клеткі ў лёгкіх.

У былых курцоў да 40% клетак у лёгкіх могуць выглядаць роўна гэтак жа, як у людзей, якія ніколі не палілі.

«Мы былі зусім не гатовыя да гэтага адкрыцця» - прызнаўся даследчык Інстытута Сенгера Пітэр Кэмпбэл.

«Ёсць пэўная колькасць клетак, якія нейкім чароўным чынам аднаўляюць дыхальныя шляхі» - сцвярджае ён.

«Выдатныя прыклады - гэта пацыенты, якія кідалі пасля 40 гадоў палення,і ў іх пачыналася рэгенерацыя клетак, якія ніяк не былі пашкоджаныя тытунём» - заўважае навуковец.

Добрая нагода кінуць

Навукоўцам яшчэ трэба будзе зразумець, у якой ступені лёгкія былых курцоў здольныя аднаўляцца.

Даследаванне было засяроджанае на асноўных дыхальных шляхах і не вывучала, напрыклад, альвеолы - мікраскапічныя лёгачныя структуры, якія ўдзельнічаюць у працэсе спажывання арганізмам кіслароду.

Раней гэта звязвалі проста з тым, што ў былых курцоў далейшай мутацыі клетак не адбываецца.

«Гэтая ідэя сапраўды матывуе: людзі, якія адмовіліся ад палення, атрымліваюць падвойную карысць - яны прадухіляюць далейшае разбурэнне клетак лёгкіх і даюць сваім лёгкім шанец скараціць ужо прычыненую шкоду з дапамогай больш здаровых клетак», - кажа доктар Рэйчал Орыт, экспэртка брытанскай арганізацыі Cancer Research UK.

Апошнія навіны