У Магілёве дзевяцігадовы хлопчык скраў аўтамабіль бацькі, каб паехаць у школу
- 29.01.2020, 18:06
Школьнік ехаў у гадзіну пік ажыўленай вуліцай.
У Магілёве 9-гадовы школьнік скраў аўто ў бацькі. Пакуль таго не было дома, узяў ключы і паехаў у школу, паведамляе МУС.
Магілёвец заявіў пра знікненне аўтамабіля 28 студзеня. Распавёў, што яго Audi была прыпаркаваная каля дома і прапала.
З запісу камер відэаназірання стала зразумела, што аўтамабіль сагнаў 9-гадовы сын мужчыны. Пакуль бацькі не было дома, ён узяў ключ ад аўто, завёў яго і паехаў у школу.
Праехаўшы без ускладненняў прыкладна паўкіламетра ажыўленай вуліцай у гадзіну пік, школьнік прыпаркаваўся каля навучальнай установы і адправіўся на ўрокі.