BE RU EN

Былы «міністр ДНР» здаўся ўкраінскім выведнікам

  • 29.01.2020, 15:20

Паплечнік акупантаў вярнуўся ў мірныя раёны Украіны дзякуючы спецаперацыі СБУ.

Контрвыведнікі Службы бяспекі Украіны падчас спецаперацыі вывелі на падкантрольную ўкраінскай уладзе тэрыторыю аднаго з былых "міністраў вугальнай прамысловасці" тэрарыстычнай арганізацыі "ДНР" Ігара Івакіна, паведамляе "Украінская праўда".

У спецслужбе паведамілі, што паплечнік акупантаў вярнуўся ў мірныя раёны Украіны дзякуючы спецаперацыі, распрацаванай СБУ. Адразу пасля вываду з так званай "ДНР" ён афіцыйна аформіў адпаведную заяву ў СБ Украіны, у якой паведаміў пра свой удзел у функцыянаванні незаконна сфармаваных на акупаваных тэрыторыях "органаў улады".

Следчыя ўстанавілі, што псеўдачыноўнік рэгулярна наведваў пасяджэнні "ўрада ДНР" і браў актыўны ўдзел у фармаванні ўнутранай палітыкі "профільнага міністэрства".

Ён, дарэчы, ажыццяўляў рэгуляванне дзейнасці прадпрыемстваў вуглездабыўной прамысловасці і размеркаванне энэргетычных рэсурсаў на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласці.

Як адзначае СБУ, пасля адхілення ад пасады зламыснік пачаў на тэрыторыі АРДЛА ўласны бізнэс, спрабаваў дыстанцыявацца ад працы ва "ўрадзе" псеўдарэспублікі і разважаў над вяртаннем на падкантрольную ўкраінскай уладзе тэрыторыю.

Мужчына падаў падрабязныя паказанні аб канкрэтных фактах непасрэднай датычнасці РФ да працэсу акупацыі асобных раёнаў Данбаса . Ён таксама паказаў дачыненне дзяржслужбоўцаў РФ, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласці ў якасці "дарадцаў", у арганізацыі злачынных схем крадзяжу бюджэтных сродкаў РФ, выдзеленых для функцыянавання аб'ектаў вугальна-прамысловага комплексу псеўдарэспублікі.

На відэа, апублікаваным СБУ, затрыманы распавядае, што быў прызначаны "міністрам" ва "ўрадзе" Аляксандра Барадая на пратэкцыю "віцэ-прэм'ера" Аляксандра Калюскага. Грамадзянін Расеі Барадай узначальваў "урад ДНР" у 2014 годзе, у той час "міністрам вугальнай прамысловасці" быў Ігар Івакін. У 2015 годзе Івакін быў унесены ў спіс асобаў, у дачыненні да якіх Украіна ўвяла санкцыі.

СБУ не называла прозвішча затрыманага, але крыніцы "Украінскай праўды" ў праваахоўных органах пацвердзілі, што ў паведамленні гаворыцца пра Івакіна.

У дачыненні да "міністра" распачатая крымінальная справа на падставе ч.1 арт. 258-3 Крымінальнага кодэкса Украіны (стварэнне тэрарыстычнай групы), прадаўжаюцца следчыя дзеянні. Праводзіцца праверка магчымай датычнасці фігуранта да ўчынення злачынстваў падчас знаходжання на "кіроўных пасадах ДНР".

Апошнія навіны