У Беларусі запрацаваў новы Працоўны кодэкс: Што памянялася?
- 28.01.2020, 8:27
Кодэкс «узаконіў» кабальную кантрактную сістэму.
У аўторак, 28 студзеня пачынае дзеянне зменены Працоўны кодэкс, які досыць шмат што змяняе для працаўнікоў. Змены Лукашэнка зацвердзіў яшчэ ў ліпені летась. Партал tut.by паглядзеў, што мяняецца ад сёння.
Працаўнікоў ураўнавалі ў матэрыяльнай адказнасці
Цяпер працаўнікі будуць несці адказнасць за прычыненне маёмаснай шкоды – незалежна ад таго, кантракт з імі заключаны або працоўная дамова. Раней матэрыяльную адказнасць за шкоду неслі толькі спецыялісты, з якімі былі заключаныя кантракты.
Кантрактная сістэма з дэкрэтаў Лукашэнкі «перайшла» ў Працоўны кодэкс
Новы Працоўны кодэкс замацаваў і «ўзаконіў» кантрактную сістэму ў Беларусі, якая раней засноўвалася на дэкрэтах Лукашэнкі, якія маюць дэ-юрэ часовы характар.
Каб «падсаладзіць пілюлю» добрасумленным працаўнікам, дакумент прадугледжвае магчымасць падоўжыць кантракт у межах пяцігадовага тэрміну ягонага дзеяння на пагадненне бакоў. Прадаўжаць кантракт з такімі супрацоўнікамі будуць да заканчэння максімальнага тэрміну ягонага дзеяння, а новы кантракт з такім супрацоўнікам будзе заключацца на тэрмін не меншы за тры гады. Але толькі ў тым выпадку, калі працаўнікі не дапускалі парушэння вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны.
Дэкрэтніц могуць выпраўляць у камандзіроўкі і запрашаць да працы ў выходныя
Жанчынам, у якіх ёсць дзеці да трох гадоў, новы Працоўны кодэкс дазваляе адпраўляцца ў службовыя камандзіроўкі, а таксама выходзіць на працу ў выходныя і святочныя дні. Раней гэта было забаронена заканадаўча. Цяпер гэтыя палажэнні пакінулі толькі для цяжарных.
Падчас адпачынку можна працаваць на сумяшчальніцтва поўны дзень
Калі працаўнік сыходзіць у працоўны адпачынак на асноўным месцы працы, ён зможа працаваць на сумяшчальніцтве на поўны дзень або змену. Папярэдняя версія Працоўнага кодэкса дазваляла працаваць у такім выпадку толькі палову працоўнага дня. Гэтае новаўвядзенне ў першую чаргу актуальнае для тых, у каго на асноўным месцы працы прадугледжаны доўгі адпачынак – напрыклад, для настаўнікаў.
Працаўнікоў змогуць на паўгода адпраўляць да іншага наймальніка
У папярэдняй версіі Працоўнага кодэкса такая магчымасць існавала толькі ў выпадку прастою або вытворчай неабходнасці. Цяпер жа наймальнікам дазволілі пераводзіць супрацоўнікаў з іх пісьмовай згоды да іншых наймальнікаў на тэрмін да 6 месяцаў цягам каляндарнага года. Спыняць дзейную працоўную дамову і заключаць новую пры гэтым не трэба.