BE RU EN

«Шэраму кату» прысудзілі чарговыя 15 дзён арышту за абарону незалежнасці

  • 27.01.2020, 16:51

Таксама аштрафаваны апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.

27 студзеня ў судах Менска прайшлі суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі, супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Актывісту грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітру Казлову (блог «Шэры кот») суддзя Таццяна Шоцік прысудзіла чарговыя 15 дзён арышту за акцыю ў Менску 8 снежня на падставе ч.3 арт.23.34 КоАП. Усе папярэднія суды над Казловым за снежаньскія акцыі заканчваліся аднолькава: 7 раз па 15 дзён, усяго ж 120 дзён арышту.

Сам Казлоў на паседжанне не прыйшоў, ягоныя інтарэсы прадстаўляла адвакатка. Яна заявіла адвод суддзі, які не задаволілі.

Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі Андрэй Ціханаў і Дзмітрый Каранеўскі. Ціханаў адмаўляўся распавесці, як ён апазнаў Казлова, бо ў рапарце паказана, што твар распазнаў пасля, а ў судзе ён сказаў, што пазнаў блогера адразу. На многія пытанні адказваў: «Не памятаю». Каранеўскі сказаў у судзе, што ведаў «Шэрага Ката» як блогера, а пазней вызначыў, што гэта менавіта Казлоў. Ніхто з міліцыянтаў не змог назваць дзеянні ўдзельнікаў акцыі, якія парушалі б грамадскі парадак, акрамя таго, што яны там проста знаходзіліся.

Вынікі іншых судоў 27 студзеня:

Мікалай Статкевіч - штраф 1350 рублёў, паўторнае паседжанне суда за ўдзел у акцыі 20 снежня, суддзя Аляксей Кісляк, суд Ленінскага раёна.

Андрэй Кудзік - штраф 1080 руб за акцыю 8 снежня ў Менску, суддзя Аляксей Кісляк.

Дыяна Серадзюк - штраф 1350 рублёў за ўдзел у акцыі 20 снежня ў Менску, суддзя Максім Трусевіч, суд Першамайскага раёна.

Лявон Баршчэўскі - штраф 810 рублёў, суддзя Іван Касцян, суд Цэнтральнага раёна.

Пётра Садоўскі - штраф 810 рублёў за акцыю 7 снежня ў Менску, суддзя Таццяна Акавітая, суд Цэнтральнага раёна.

Апошнія навіны