BE RU EN

Беларусь страціла траціну экспартных мыт на нафтапрадуктах праз падатковы манеўр

  • 27.01.2020, 12:55

Звесткі агучыў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паступленне экспартных мыт на нафтапрадукты ў беларускі бюджэт у 2019 годзе ўпала на 33,2% праз падатковы манеўр і прыпыненне экспарту аўтапаліва ў красавіку-траўні ў сувязі з пастаўкамі забруджанай хларыд нафты, паведамляе interfax.by.

"За 2019 год у рэспубліканскі бюджэт паступіла звыш Br9 млрд плацяжоў, якія кантралююцца Дзяржаўным мытным камітэтам. Гэта амаль на Br400 млн (4,2%) менш, чым у 2018 годзе. Адна з прычын такога падзення - зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці ў нафтавай галіне і вывазных мыт за экспарт нафтапрадуктаў (на 33,2%)", - паведаміў Лукашэнку ў панядзелак старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Юрый Сянько.

У ДМК адзначаюць, што страты экспартных мыт на нафтапрадукты "часткова кампенсаваны за кошт увядзення новага парадку ўвозу легкавых аўтамабіляў фізічнымі асобамі". У сувязі з гэтым у бюджэт паступіла больш за Br82,5 млн.

Сянько паведаміў, што, нягледзячы на падзенне нафтавых даходаў бюджэту, у цэлым па выніках 2019 года "па мытных плацяжах, якія павінны былі паступіць у бюджэт нашай краіны, прагнозны паказчык, даведзены да нас Міністэрствам фінансаў, выкананы на 100,5% (г.з. паступіла на 0,5% больш за план - ІФ)".

Паводле ягоных звестак, за 2019 год цераз беларускую мяжу на ўвоз і на вываз перамешчана 111 млн тон тавараў, што на 3,2 млн тон (на 2,8%) менш паказчыкаў 2018 года. Асноўнай прычынай стала зніжэнне транзіту вугалю з Расеі чыгуначным транспартам, растлумачыў кіраўнік ДМК.

Пры гэтым агульны транзітны струмень пры ўвозе тавараў на тэрыторыю ЕАЭС праз Беларусь вырас на 5,4% і склаў 17,5 млн тон, з іх 11,4 млн тон склалі грузы, пастаўленыя ў Расею.

Колькасць перамешчанага праз беларускую мяжу грузавога транспарту таксама вырасла на 5,1% да 2,3 млн адзінак. Гэта сведчыць аб павелічэнні нагрузкі на аўтадарожныя пункты пропуску.

Як паведамлялася, нафтавыя даходы беларускага бюджэту зніжаюцца ва ўмовах уніфікацыі экспартных мыт на нафту і нафтапрадукты з Расеяй, якая рэалізуе падатковы манеўр у нафтавай сферы.

Са звестак Мінфіну, даходы рэспубліканскага бюджэту Беларусі ад экспартных мыт на нафтапрадукты ў студзені-верасні 2019 года склалі Br992 млн, што на 33,4% (на Br496,5 млн) менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года,

Раней таксама паведамлялася, што, з ацэнкі Мінфіна, у 2020 годзе скарачэнне даходаў бюджэту ад зніжэння экспартных мыт на нафту і нафтапрадукты складзе амаль $240 млн.

Сумарныя выдаткі ад падатковага манеўру ў 2019-2024 гадах у Менску ацэньваюць у суме блізу $10,5 млрд.

Апошнія навіны