BE RU EN

Міністр-камуніст Карпенка распавёў, калі ўвядуць новую сістэму паступлення ў ВНУ

  • 27.01.2020, 11:05

Уступныя экзамены аб’яднаюць з ЦТ.

Новую сістэму паступлення ў ВНУ, якая будзе сумяшчаць экзамены з цэнтралізаваным тэставаннем, увядуць у найбліжэйшыя 2-3 гады. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» распавёў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Як адзначыў міністр, цэнтралізаванае тэставанне дапамагло «пазбавіцца ад карупцыі», аднак не заўсёды за тэстам можна ўбачыць асобу будучага спецыяліста.

- Мы распрацавалі сістэму магчымага сумяшчэння экзаменаў у школе з цэнтралізаваным тэставаннем. Зараз ідзе абмеркаванне. Для гэтага (укараненне новай формы) спатрэбіцца пэўны перыяд. Мы кажам, што 2-3 гады.

Карпенка супакоіў: уступная кампанія ў 2020 годзе будзе праходзіць паводле існых правіл.

- Хоць пэўныя змены мы сёння таксама рыхтуем, - заявіў ён.

Што ж тычыцца выкарыстання гаджэтаў у школах, то са слоў Карпенкі, казаць, што міністр адукацыі іх забараніў - не зусім правільна.

- Сёння выкарыстанне гаджэтаў не заўсёды ўплывае пазітыўна на адукацыйны працэс. Да прыкладу, замест таго каб правесці нейкія вылічэнні ў галаве, пачынаюць выкарыстоўваць нейкія формы калькулятара. Пішуць самастойную працу - пачынаюць шукаць у інтэрнэце адказ на пытанне, - падаў прыклады міністр. Ён нагадаў, што, напрыклад, на цэнтралізаваным тэставанні забаронена выкарыстоўваць гаджэты.

Карпенка мяркуе, што ў школах трэба фармаваць пэўную акадэмічную культуру карыстання смартфонамі.

- Мы кажам, што гаспадар на ўроку - настаўнік. Ён арганізоўвае гэты адукацыйны працэс і ён вызначае, у якім парадку гэтыя гаджэты павінны выкарыстоўвацца.

Лукашэнка таксама даволі рэзка выказваўся наконт таго, што вучні падчас урокаў карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі.

- У тэлефонах сядзяць там... Няўжо вы не разумееце, у вас жа свае дзеці, што тэлефон і іншыя гаджэты ў школе - не толькі адрываюць ад заняткаў. Яны перастаюць думаць. Яны ж лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ведаюць, бо адкрываюць тэлефон і лічаць там. Або шукаюць адказы на пытанні. Няўжо гэта нельга зразумець? У мяне сын прэзідэнта ні разу тэлефон у школу не ўзяў, - адчытваў Лукашэнка чыноўнікаў пасля інцыдэнту ў гомельскай школе.

Апошнія навіны