Узбунтаваныя жыхары Грушаўкі здабылі перамогу
- 25.01.2020, 21:40
Высечка дрэў у Грушаўскім скверы прыпыненая.
Старшыня «Савета Рэспублікі» Наталля Качанава і кіраўнік Менгарвыканкама Анатоль Сівак 25 студзеня наведалі Грушаўскі сквер, які мясцовыя жыхары абараняюць ад забудовы, каб захаваць дрэвы. Пра візіт паведамілі актывісты ў спецыяльнай групе ў Facebook, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле іх інфармацыі, на сустрэчу з чыноўнікамі быў выкліканы дырэктар кампаніі – забудоўшчыка ТАА «Датч Стар» Дзяніс Заморац.
«Як і было абяцана, сёння сквер наведала старшыня Качанава разам з Сіваком. Прысутнічаў таксама дырэктар забудоўшчыка «Датч Стар» Заморац. Яны агледзелі сквер і наваколлі. Са слоў Качанавай, праводзіцца праверка. Забудоўшчыку было дадзена вуснае распараджэнне не высякаць дрэвы і не праводзіць ніякіх работ на час праверкі. У панядзелак яго аб гэтым паінфармуюць афіцыйна. Пра тэрміны праверкі невядома», - паведаміў Віталь Зыблюк.