BE RU EN

Ёсць ідэя, якая сёння аб'ядноўвае абсалютная большасць беларусаў

  • КІРЫЛ ВАСІЛЕСКІ, «ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ»
  • 25.01.2020, 17:24

Гэта ўнікальная сітуацыя ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Умова поспеху апазіцыі - адпаведнасць яе патрабаванням волі народа. Груба кажучы, палітычная сіла павінна выказваць інтарэсы групы людзей. Калі яна зможа даказаць ім, што даб'ецца рэалізацыі іх патрабаванняў, то заваюе іх падтрымку. Далей - простая матэматыка. Чым больш гэтая група - тым больш распаўсюджаныя яе ідэі і патрабаванні - тым больш папулярная палітычная сіла.

Ва ўмовах адсутнасці незалежнай сацыялогіі ў Беларусі, мы вельмі прыблізна можам ацаніць колькасць людзей, якія прытрымліваюцца якіх-небудзь ідэй. Мы ведаем, што ёсць групы прыхільнікаў еўраінтэграцыі, звязу з Расеяй, рынкавых рэформаў, ёсць умоўныя лібералы, нацыяналісты, сацыял-дэмакраты. Чаму ўмоўныя? Па-першае, таму што невядома іх рэальная колькасць. Па-другое, таму што пакуль ва ўладзе дыктатар - ніхто з іх не ўплывае на грамадскае жыццё. Гэта стане магчымым толькі пасля правядзення свабодных выбараў.

Але ёсць ідэя, якая сёння аб'ядноўвае абсалютную большасць беларусаў. Пераканацца ў тым, што яна ўключае ў сябе мільёны людзей нескладана і без выбараў. Маркер, згодна з якім вызначаецца яе прыхільнік просты - гэта адказ на пытанне: «Ці хочаце вы змены ўлады ў Беларусі?».

Так, - адказвалі тысячы людзей, з якімі мы размаўлялі на пікетах у перадвыбарчую кампанію.

Так, - сцвярджалі жыхары 90% кватэр падчас збору подпісаў за незалежных кандыдатаў.

Так, - кажуць сёння ўсе, хто пастаўлены дзейнай уладай на мяжу выжывання.

Большасць беларусаў хочуць змены ўлады. Дадамо да гэтага абвастрэнне стасункаў з Расіяй, перастаноўкі ключавых чыноўнікаў, узаемны недавер у асяроддзі дыктатара. Гэта ўнікальная сітуацыя ў найноўшай гісторыі Беларусі, такога спалучэння ў часе крытычных для ўлады чыннікаў не было ніколі.

Пагаджуся з тым, што вельмі вялікая колькасць з тых, хто хоча змены ўлады, пакуль не верыць, што яна магчымая. 25 гадоў дыктатуры проста так не праходзяць. Ну так бо гэта не іх праблема, а наша. Пра гэта - у самым пачатку ўжо сказана: «Калі яна зможа даказаць ім, што даб'ецца рэалізацыі іх патрабаванняў, то заваюе іх падтрымку».

Такім чынам, першыя задачы апазіцыі, калі, вядома, яна хоча стаць уладай - стаць выразнікам інтарэсаў большасці беларусаў і заваяваць іх падтрымку ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў. Цяжка, але, як паказвае практыка, магчыма. Магчымасці для гэтага сёння ёсць. Усё залежыць цяпер толькі ад нас.

Кірыл Васілеўскі, «Еўрапейская Беларусь»

Апошнія навіны