BE RU EN

Ва ўпраўленні справамі Лукашэнкі не ведаюць Працоўнага кодэкса?

  • 24.01.2020, 20:20

Тры гісторыі.

Супрацоўнікаў прадпрыемстваў, якія належаць ўпраўленню справамі, звальняюць з вельмі дзіўнымі фармулёўкамі, піша сайт praca-by.info.

Са жніўня 2019 года ў прафзвяз РЭП пайшла плынь зваротаў работнікаў прадпрыемстваў, якія належаць упраўленню справамі дыктатара. Гаворка ідзе пра сетку крамаў РУП Усходні, якія гандлююць канфіскатам, і работнікаў прадпрыемства «Азярцо-лагістык».

Звольніць паводле дэкрэта №5 нельга

У ліпені 2019 года ў сетцы крам РУП Усходні праведзеная інвентарызацыя, у многіх з іх ўстаноўленая нястача. Супрацоўнікі крамы «Ваш выбар» аспрэчваюць нястачу ў судзе.

Загадчыцу крамы «Ваш выбар» (знаходзіцца па адрасе Маякоўскага, 154 у Менску) Наталлю Рашчэнку адхілілі ад працы і два месяцы не плацілі ёй заробак.

- А затым яе звольнілі па дэкрэце №5, што не прадугледжанае ні Працоўным кодэксам, ні інструкцыяй па запаўненні працоўных кніжак, - адзначыў прававы інспектар прафзвязу РЭП Юры Белякоў.

З дапамогай юрыстаў РЭП Наталля Рашчэнка падала ў суд Першамайскага раёна Менска пазоў аб змене прычыны звальнення, кампенсацыі маральнай шкоды і спагнанні сярэдняга заробку.

Працадаўца вызначыў ап'яненне на вока?

У той жа краме працавала прадавец Сняжана Галуза, якую звольнілі паводле часткі 7 артыкула 42 Працоўнага кодэкса - за знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Падставай для яе звальнення паслужыла толькі дакладная запіска аднаго з кіраўнікоў крамы.

- Каб гэта звальненне насіла законны характар, работніка трэба было адправіць на медыцынскі агляд. Кіраўнік не з'яўляецца лекарам; можа, прадаўцу было дрэнна, можа, яна знаходзілася пад дзеяннем лекаў? Паводле такіх падстаў нельга звальняць работнікаў, - упэўнены Юры Белякоў.

Сняжана Галуза рыхтуе пазоў у суд Першамайскага раёна Менска.

Працаваў - па вышэйшым разрадзе, заробак атрымліваў - па 3 разраду?

У прафзвяз РЭП звярнуўся таксама работнік «Гандлёва-лагістычнага цэнтра «Азярцо-лагістык».

Уладзімір Мокін працаваў кіроўцам пагрузчыка, яму прысвоілі 4 кваліфікацыйны разрад, а заробак выплачвалі... па 3-му разраду.

- Даплату паводле вышэйшага разраду кіроўцу не праводзілі. Мокін звярнуўся з заявай у дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы, якая ўстанавіла «адсутнасць дакументаў, вядзенне якіх заканадаўства прадпісвае наймальніку».

Уладзіміру Мокіну параілі звяртацца ў суд, каб усталяваць факт працы кіроўцам пагрузчыка 4 разраду. Дакументаў няма (ёсць толькі пасведчанне, што Мокін здаў кваліфікацыйны экзамен і яму прысвоены 4 разрад), такім чынам, трэба апытваць сведкаў, а гэта можна зрабіць толькі ў судзе, - адзначыў Юрый Белякоў. - Са слоў Мокіна (у мяне няма падстаў яму не давяраць), ён выконваў працу кіроўцы пагрузчыка 4 разраду, але наймальнік плаціў заробак як кіроўцу пагрузчыка 3 разраду і не вёў дакументацыю.

Тэрміны звароту ў суд ужо выйшлі, але Уладзімір Мокін рыхтуе пазоў у суд, каб усталяваць факты працы ў якасці кіроўцы пагрузчыка 4 разраду.

А дзе ж узор для пераймання?

- З упраўленнем справамі Лукашэнкі, якое абавязана падаваць прыклад выканання правоў работнікаў, мы не знаходзім паразумення. Людзі, якія кіруюць прадпрыемствамі, магчыма, маюць слабую кваліфікацыю, дрэнна арыентуюцца ў працоўным заканадаўстве альбо наўмысна заплюшчваюць вочы на парушэнні, - сказаў на заканчэнне Юрый Белякоў. - Невыпадкова больш за 30 работнікаў «Азярцо-лагістык» выйшлі з афіцыйнага прафзвязу, які дзейнічае на прадпрыемстве, і ўступілі ў прафзвяз РЭП - для абароны сваіх правоў. Калі на прадпрыемстве ўсё добра, людзі не шукаюць абароны на баку. На прадпрыемствах упраўлення справамі Лукашэнкі павінна быць ідэальнае выкананне працоўных правоў грамадзян - бо ён з'яўляецца «гарантам Канстытуцыі» нашай краіны. Спадзяюся, што гэтае меркаванне неяк данясуць да кіраўніцтва Беларусі.

Апошнія навіны