BE RU EN

«Калі давядзецца абараняць Беларусь, мне не патрэбны загад ад вас»

  • 24.01.2020, 10:41

Як беларускі падлетак паставіў на месца ідэолагаў.

Моладзевага актывіста Арсенія Дзядка 23 студзеня камісія ў справах няпоўнагадовых Савецкага раёна Менска прызнала «вінаватым ва ўдзеле ў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй» і вынесла яму папярэджанне. Як праходзіць працэдура, дзе «судзяць» за палітыку і адначасова яе баяцца – у рэпартажы belsat.eu.

17-гадовы Арсеній Дзядок прыйшоў на пасяджэнне з татам Аляксандрам, які падтрымлівае пазіцыю сына і таму дазволіў журналістам прысутнічаць і фіксаваць усё, што адбываецца. Інтарэсы Арсенія таксама прадстаўляе адвакат Вадзім Мушынскі.

АРСЕНІЙ ДЗЯДОК РАЗАМ З ТАТАМ АЛЯКСАНДРАМ. ФОТА: BELSAT.EU

23 студзеня камісія разглядала 4 адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя міліцыянтамі на актывіста: за выступ на сходзе падпісчыкаў блогера NEXTA 8 лістапада на Плошчы Свабоды, за заклік прыходзіць на наступную акцыю 15 лістапада, які нібыта агучыў Арсеній, а таксама за ўдзел у двух вулічных пратэстах супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй – 7 і 8 снежня. Паводле ўсіх чатырох пратаколаў Арсень сваёй віны не прызнаў.

Назад у часе

На ўваходзе ў памяшканне на праспекце Незалежнасці, дзе знаходзіцца камісія, кідаецца ў вочы дзіўная сацыяльная рэклама. Асабліва звяртае ўвагу плакат у абарону правоў дзіцяці, дзе гаворыцца, што ў яго ёсць «права на ўдзел у жыцці грамадства» і на «захаванне пачуцця ўласнай годнасці».

ФОТА: BELSAT.EU

Здаецца, апошні раз інтэр'ер тут абнаўлялі задоўга да нараджэння Арсенія. Працёртыя адкідныя крэсліцы ў цёмным і цесным калідоры, на сценах – савецкія барэльефы з лозунгамі пра «сяброўства народаў».

«На вуліцы 2020 год, а заходзіш сюды – і адразу ў пачатку 80-х!» – усміхаецца хлопец.

ФОТА: BELSAT.EU

«Дзядок!» – даносіцца з прачыненых дзвярэй. За доўгім сталом сядзяць 9 чалавек: метадысты, сацыяльныя педагогі і чыноўнікі з раённай управы адукацыі Савецкага раёна. У прэзідыуме – Аксана Ласіцкая, намесніца старшыні камісіі ў справах непаўналетніх Савецкага раёна і міліцыянт у форме, кіраўнік інспекцыі ў справах непаўналетніх Іван Кацэба. Ад гістарычнага факультэта БДУ, дзе Арсень вучыцца на 1 курсе, прыйшла намесніца дэкана ў навучальнай і выхаваўчай працы Лілія Бярэйшык.

ІВАН КАЦЭБА. ФОТА: MVD.GOV.BY

Нявызначаны дазволены пікет

У пачатку Дзядок хадайнічаў пра тое, каб весці працэс па-беларуску. Старшыня камісіі спытала, ці ён увогуле не разумее расейскай і на якой мове ў такім выпадку атрымлівае адукацыю.

«У нас на факультэце выкладанне вядзецца і на расейскай, і на беларускай. Дзядок вучыцца на беларускамоўнай плыні, і, паколькі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, гэта не праблема», – адзначыла Бярэйшык.

СКЛАД КАМІСІІ. ФОТА: BELSAT.EU

Пазней старшыні камісіі давядзецца прасіць прабачэння за сваю беларускую, бо час ад часу замест «справа» тая кажа «дзела». Здымаць фота, відэа і нават весці аўдыязапісы Ласіцкая забараніла ўсім, акрамя міліцыянта.

Паводле першага пратакола, Дзядок нібыта парушыў парадак правядзення пікетавання і ўдзельнічаў у акцыі, якая «не мела дачынення да перадвыбарчай агітацыі». Нагадаем, што на акцыю 8 лістапада на Плошчы Свабоды ў Менску прыйшлі блізу 200 чалавек – гэта быў сход блогераў, які фармальна праходзіў у рамках дазволенага заканадаўствам пікету кандыдата ў «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў» ад Партыі БНФ Алены Таўстой. З пратакола вынікае, што Дзядок «выказваў сваё стаўленне да вынікаў будучых выбараў і выкрыкваў лозунг Жыве Беларусь!». Характэрна, што ў рапартах міліцыянты пішуць гэты лозунг з памылкамі.

«ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ» МІЛІЦЫЯНТЫ Ў ПРАТАКОЛЕ НАПІСАЛІ З ПАМЫЛКАМІ. ФОТА: BELSAT.EU

У якасці рэчавага доказу правапарушэння камісія прадэманстравала відэа, знятае аператыўнікамі падчас акцыі. На ім Дзядок кажа наступнае:

«Я хацеў бы сказаць, што падчас гэтай выбарчай кампаніі і ў найбліжэйшыя гады галоўная задача – быць разам, падтрымліваць адно аднаго і падтрымліваць незалежнасць Беларусі! Жыве Беларусь! Таму я заклікаю ўсіх далучацца да кампаній у падтрымцы незалежнасці Беларусі, памятаць, што мы беларусы, мы нацыя і мы пераможам!»

Жанчыны за сталом шэпчуцца і з жалем ківаюць галовамі.

АРСЕНІЙ ДЗЯДОК. ФОТА: BELSAT.EU

– Скажыце, калі ласка, а якім чынам афіцыйна дазволены пікет ператвараецца ў несанкцыянаванае мерапрыемства? – спытаў тата Арсенія ў камісіі.

– Вы ведаеце, у які прамежак часу можна праводзіць пікетаванне і вы ведаеце, як падаюцца дакументы на афіцыйны дазвол, – адказвае старшыня. Потым яна звяртаецца да Арсенія:

– Вы мэтанакіравана туды ішлі ці выпадкова заблукалі?

Арсень звяртае ўвагу, што ў той самы час на Плошчы Свабоды праходзілі пікеты праўладных кандыдатаў ад «Белай Русі», але гэта – «не прадмет разгляду». Праз некалькі хвілінаў дыскусіі, падчас якой Дзядок з татам даказвалі, што дазвол на пікет падчас перадвыбарчай кампаніі не патрэбны, а, значыць акцыя была легальная, Ласіцкая пагадзілася адкласці разгляд пратаколу. Да таго моманту камісія збіраецца запытаць у Менгарвыканкаме дакумент, які пацвердзіць, што пікеты ў тым месцы сапраўды былі дазволеныя.

Алоўкам па рапарце

Аднак на фіксаванні выступу Дзядка 8 лістапада міліцыянты не спыніліся і склалі яшчэ адзін пратакол паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП – за «публічны заклік» на акцыю 15 лістапада. Цытату Арсенія, якую кваліфікавалі як заклік, старшы лейтэнант Андрэй Прыходзька выявіў падчас маніторынгу сайта «Хартыя '97».

– А навошта супрацоўнік міліцыі зайшоў на заблакаваны ў Беларусі сайт і пачаў яго маніторыць? – заўважае «падсудны».

Цікава, што рапарт кіраўніцтву міліцыянт Прыходзька даслаў адразу, але ў верхнім правым куце дакумента маёр Нікіціна алоўкам пазначыла трыма клічнікамі: «Разгляд праводзіць пасля выбараў!!!»

У ВЕРХНІМ ПРАВЫМ КУЦЕ АЛОЎКАМ НАПІСАНА: «РАЗГЛЯД ПРАВОДЗІЦЬ ПАСЛЯ ВЫБАРАЎ!!!» ФОТА: BELSAT.EU

І паводле гэтага пратакола, і паводле наступнага Дзядок не прызнае віны, а доказаў камісіі відавочна не хапае. Разгляд пераносяць на 27 студзеня.

Калі Арсень спрабуе выказаць сваё меркаванне наконт інтэграцыі, старшыня камісіі перапыняе: «Не апускаемся ў сферу абмеркавання палітыкі!»

«Знішчэнне ўсяго маладога»

Чацвёрты пратакол датычыўся ўдзелу Дзядка ў акцыі 8 снежня. Больш за ўсё старшыню камісіі абурыла, што акцыю не дазволіў Менгарвыканкам.

– Мяне здзіўляе, як і ўсіх тут, хто мае дзяцей, чаму людзі, якія арганізоўвалі гэта, загадзя не паведамілі вам, што ўсё ж такі вы будзеце ўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое з'яўляецца несанкцыянаваным і за якое існуе артыкул 23.34 КаАП, – кажа Аксана Ласіцкая.

– Я скажу шчыра: я ведаў гэта і ішоў мэтанакіравана. Калі трэба будзе абараняць Беларусь у тым ліку са зброяй у руках, мне не трэба будзе ні загад ад вас, ні ад каго яшчэ, – парыруе хлопец. Сонныя ідэолагі за сталом паднялі вочы ад тэлефонаў.

Пасля нядоўгай нарады за зачыненымі дзвярыма камісія прызнала Арсенія Дзядка вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП. Беручы да ўвагі станоўчую характарыстыку з універсітэта, яму вынеслі афіцыйнае папярэджанне.

«Справа відавочна палітычная. Гэта знішчэнне ўсяго маладога, усяго жывога. Я не ведаю гэтых людзей у камісіі, але думаю, яны прагаласавалі так, як ім сказалі. Гэта жах», – сказаў пасля заканчэння пасяджэння Аляксандр Дзядок.

«Усё гэта нагадвае сход камсамола з гісторыі. Сядзяць жанчыны з начосам і відаць, што ім складана, канец працоўнага дня. Але таксама відаць, што справы вельмі лёгка адпраўляюць на дапрацоўку ды разглядаюць іх не вельмі ахвотна», – пракаментаваў пастанову Арсень Дзядок. Ён дадаў, што ў найбліжэйшы час плануе яе абскардзіць.

«Мы прыйшлі, каб паказаць, што беларуская моладзь ёсць. І мы гэта паказалі. Таксама мы паказалі, што Беларусь стамілася. Стамілася ад таго, што ў краіне ўжо 25 гадоў няма пераменаў. Мы не можам уплываць на лёс сваёй краіны чвэрць стагоддзя!» – кажа Арсень. Пасля гэтага актывіст дадае, што Лукашэнка збіраецца ісці на сёмы тэрмін, але новае пакаленне супраць, таму «трэба дзейнічаць смела і катэгарычна».

Апошнія навіны