BE RU EN

Актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова перавялі ў СІЗА на Валадарскага

  • 24.01.2020, 9:59

Супраць яго распачатая крымінальная справа за чырвоную фарбу на «руках» помніка Пушкіну.

Маладафронтаўцу Піліпу Шаўрову, які прызнаўся, што пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Пушкіну, высунулі абвінавачванне і з ізалятара на Акрэсціна яго перавялі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра гэта апавяла «Радыё Свабода» жонка актывіста Вольга Шаўрова.

Піліпа Шаўрова абвінавачваюць у «хуліганстве», гэта караецца:

грамадскімі працамі;

штрафам;

арыштам;

папраўчымі працамі – да 2 гадоў;

абмежаваннем свабоды – да 2 гадоў;

турмой – да 3 гадоў.

Следчая сказала Вользе Шаўровай, што яе муж яшчэ «будзе сядзець прыкладна 2 месяцы, але дакладна да суда не выпусцяць і спатканняў не дадуць».

Згодна са звесткамі Паўла Севярынца, Піліпа Шаўрова 23 студзеня перавялі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзе трымаюць падазраваных у крымінальных злачынствах. Пра ўмовы ў камеры Шаўрова ягоная жонка пакуль не ведае.

Днём 23 студзеня, калі жонка актывіста спрабавала перадаць яму перадачу, на «Валадарцы» яе не прынялі.

«Тады сказалі, што ён яшчэ ў іх не аформлены», – сказала Вольга Шаўрова.

17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну, што каля гатэля «Беларусь» у Менску.

Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу аб «пашкоджанні помніка». 20 студзеня стала вядома, што ў нанясенні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю. Матывы ўчынку актывіста пакуль невядомыя.

Апошнія навіны