BE RU EN

Вавёрка-палятуха ўпершыню патрапіла на відэа ў Беларусі

  • 23.01.2020, 21:40

У Беларусі палятуху не бачылі пасля 1996 года, пакуль яе зноў не знайшлі ў 2017 годзе.

У сярэдзіне снежня 2019 года арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) арганізавала экспедыцыю ў Гарадоцкі лясгас, каб расказаць мясцовым леснікам пра асаблівасці жыцця рэдкага грызуна - палятухі (або лятучай вавёркі) - і разам з імі паставіць фотапасткі ў найбольш верагодных месцах пражывання гэтага звярка. І ён сапраўды трапіў у кадр, паведамляецца на сайце АПБ.

У Беларусі палятуху не бачылі пасля 1996 года, пакуль яе зноў не знайшлі ў 2017 годзе актывісты АПБ Дзяніс Кіцель і Андрэй Абрамчук. Ужыўшы новую методыку, яны знайшлі некалькі участкаў палятухі, і ім цудам удалося сфатаграфаваць гэтага начнога звярка.

Палятухі - начныя асцярожныя звяркі, таму знайсці іх, а тым больш сфатаграфаваць, вельмі складана. З дапамогай фотапастак спецыялісты маюць больш магчымасцяў адшукаць новыя месцы іх пражывання.

Фотапасткі ўсталёўваюцца каля дупла ў патэнцыйных месцах пражывання палятухі. Камеры рэагуюць на рух і дазваляюць рабіць фота і кароткія відэа як днём, так і ўначы. Менавіта дзякуючы ім АПБ атрымала першыя відэа палятухі ў Беларусі.

На відэа бачна, як палятухі перасоўваюцца па ствале дрэва і правяраюць дуплы. Можна паназіраць, як палятуха нясе корм, як гэты цікавы звярок злятае, адштурхнуўшыся ад ствала, а на адным роліку нават было дзве палятухі разам.

Апошнія навіны