BE RU EN

Андрэй Зыгмантовіч узначаліў юніёрскую нацыянальную каманду Беларусі ў футболе

  • 23.01.2020, 17:25

У свой час ён трэніраваў адну з юнацкіх нацыянальных каманд.

Новым галоўным трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі з футбалістаў, не старэйшых за 2002 года нараджэння, прызначаны Андрэй Зыгмантовіч. Пра гэта паведамляе abff.by.

У якасці футбаліста ён правёў дзевяць матчаў за нацыянальную каманду Беларусі, а таксама 36 матчаў за нацыянальную СССР, у складзе якой узяў удзел у фінальным турніры чэмпіянату свету ФІФА 1990 года. Паўабаронца выступаў за футбольныя клубы "Дынама" Менск, "Гронінген" (Нідэрланды) і "Расінг" Сантандэр (Гішпанія). Двойчы ў 1992 і 1994 гадах быў прызнаны найлепшым футбалістам Рэспублікі Беларусь.

У якасці трэнера Андрэй Вікенцьевіч працаваў у такіх футбольных клубах, як "Нафтан" Наваполацк, "Дынама" Менск", МТЗ-РІПА (Менск), "Коўна", "Сібір-2" і "Рух" (Берасце). У перыяд з 2004 да 2007 года ўзначальваў адну з юнацкіх нацыянальных каманд Беларусі, затым з 2012 да 2014 года ўваходзіў у штаб Георгія Кандрацьева ў нацыянальнай камандзе краіны. У лістападзе 2014 года ў паядынках супраць Гішпаніі ды Мексікі выконваў абавязкі галоўнага трэнера "белакрылых".

Адзначым, што нацыянальную каманду Беларусі з юнакоў, не старэйшых за 2002 год нараджэння, у 2020 годзе чакае старт у кваліфікацыі юніёрскага (U-19) чэмпіянату Еўропы УЕФА. У спаборніках "белакрылых" у групе 2 будуць аднагодкі з Украіны, Ізраіля і Чарнагорыі, а матчы міні-турніру пройдуць 10, 13 і 16 лістапада 2020 года ў Ізраілі. Па дзве найлепшыя каманды з кожнага квартэта, а таксама найлепшая дружына з ліку тых, хто заняў трэція месцы, атрымаюць туры ў элітны раунд, матчы якога пройдуць у сакавіку 2021 года. У фінальнай частцы юніёрскага (U-19) чэмпіянату Еўропы УЕФА 2021, які пройдзе ў Румыніі, згуляюць 8 нацыянальных каманд, - піша прэс-служба БФФ.

Апошнія навіны