BE RU EN

Аліеў прапанаваў Лукашэнку купляць азербайджанскую нафту праз трэйдзінг

  • 21.01.2020, 20:25

Пры гэтым кіраўнік Азербайджана дадаў, што беларускі бок не звяртаўся ў пытанні нафты.

Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана «Socar» тэхнічна можа пастаўляць нафту ў Беларусь праз трэйдынгавыя аперацыі. Пра гэта ў кулуарах форуму ў Давосе сказаў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. З ягоных слоў, гаворка не ідзе пра нафту з Азербайджана.

«Socar Trading пастаўляе па ўсім свеце, можа і ў Беларусь. Але гэта ўсё залежыць ад перамоў», - паведамляе ТАСС словы Аліева. Кіраўнік Азербайджана дадаў, што нічога не ведае пра адпаведныя звароты з беларускага боку.

1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь: дзяржавы не дамовіліся аб умовах пастаўкі. З тых часоў афіцыйны Менск шукае альтэрнатыўныя крыніцы нафты і працягвае перамовы з Масквой.

4 студзеня Беларусь заключыла кантракт на студзень на пастаўку нафты з кампаніяй Міхаіла Гуцырыева. Паведамлялася, што гэтых аб'ёмаў нашай краіне хопіць на палову загрузкі магутнасцяў НПЗ.

Першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Круты паведамляў, што беларускія ўлады вядуць перамовы аб закупцы нафты з Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі, Казахстанам, Азербайджанам.

20 студзеня з'явіліся паведамленні, што Беларусь купіла 80 тысяч тон нарвежскай нафты. Паставіць яе мяркуецца праз порт Клайпеды. 21 студзеня старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў заявіў, што неўзабаве чакаецца падпісанне кантрактаў на пастаўку нафты з альтэрнатыўных Расеі крыніц.

Дарэчы, азербайджанскую нафту Беларусь купляла ў 2010-2011 гадах падчас чарговай «нафтавай вайны» з Расеяй. Тады крыніцамі паставак нафты для нашай краіны сталі Венесуэла і Азербайджан.

Апошнія навіны