Джонсан на першай сустрэчы з Пуціным нагадаў пра атручэнне Скрыпаляў
- 19.01.2020, 21:03
Пазіцыя Вялікай Брытаніі ў дачыненні да атакі ў Солсберы не змянілася.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у кулуарах канферэнцыі датычна Лівіі ў Берліне правёў першую асабістую сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Пра гэта паведамілі на Даўнінг-стрыт, піша nv.ua.
У ходзе перамоваў Джонсан папярэдзіў Пуціна пра недапушчэнне выкарыстання хімічнай зброі, падобнай да той, што ўжывалася ў Солсберы супраць Юліі і Сяргея Скрыпаляў.
Паводле словаў кіраўніка брытанскага ўрада, пазіцыя Вялікай Брытаніі ў дачыненні да атакі ў Солсберы не змянілася.
Гэта «было неразумным ужываннем хімічнай зброі і нахабнай спробай забіць нявінных людзей на брытанскай зямлі», заявілі на Даўнінг-стрыт.
Джонсан заявіў, што Расея і Брытанія павінны займацца пытаннямі міжнароднай бяспекі, такімі як Лівія, Сірыя, Ірак і Іран.
«Прэм'ер міністр заявіў, што не будзе нармалізацыі двухбаковых стасункаў, пакуль Расея не адмовіцца ад дэстабілізавальных дзеянняў, якія пагражаюць Вялікай Брытаніі ды яе хаўруснікам, а таксама – бяспецы нашых грамадзянаў і нашай калектыўнай бяспецы», – заявілі ў брытанскім урадзе.
19 студзеня ў Берліне адкрылася міжнародная канферэнцыя датычна Лівіі пры ўдзеле лідараў Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі ды Расеі.
4 сакавіка 2018 года былога расейскага агента Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію атруцілі нервова-паралітычным рэчывам Навічок у брытанскім Солсберы. Яны выжылі.
Урад Вялікай Брытаніі абвінаваціў Расею ў датычнасці да замаху на забойства Скрыпаляў і ў парушэнні Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі.
Паводле звестак брытанскіх праваахоўнікаў, за замахам стаяць расейскія афіцэры ГРУ «Аляксандр Пятроў» і «Руслан Башыраў» (сапраўдныя імёны – Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін).