BE RU EN

Мядзведзеў прызнаў санкцыі праз анэксію Крыма «балючымі» для эканомікі Расеі

  • 19.01.2020, 20:43

Імпартазамяшчэнне не дапамагло.

Экс-прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв'ю расейскаму Першаму каналу заявіў, што сусветныя санкцыі ў дачыненні да Расеі, якія былі прызначаныя пасля анэксіі Крыма, «балюча ўдарылі па эканоміцы», паведамляе Крым.Реалии.

«Пасля далучэння Крыма былі прызначаныя санкцыі. Гэта натуральна даволі балюча таксама ўдарыла па эканоміцы, і мы павінны былі не толькі наладзіць працу ў вельмі складаных санкцыйных, ды яшчэ і крызісных умовах... ураду давялося заняцца найважнейшай тэмай, якой ніколі да гэтага ён не займаўся – імпартазамяшчэннем, бо цэлы шэраг тавараў апынуўся адрэзаны ад нашай краіны», – цытуе СМІ Мядзведзева.

15 студзеня расейскі ўрад на чале з Дзмітрыем Мядзведзевым сышоў у адстаўку. За некалькі гадзінаў да гэтага прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас абвяшчэння паслання Федэральнаму сходу анансаваў канстытуцыйныя рэформы. 16 студзеня Пуцін прызначыў на пасаду прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна.

12 верасня 2019 года Рада Еўрапейскага звязу падоўжыла персанальныя санкцыі, звязаныя з парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны яшчэ на паўгода – да 15 сакавіка 2020 года. У спісе санкцый – 170 грамадзянаў Расеі і Украіны, а таксама 44 юрыдычныя асобы. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне іх актываў і забарону фізічным асобам на ўезд у ЕЗ.

Санкцыі былі ўведзеныя ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыма, а потым іх некалькі разоў узмацнялі ў сувязі з падтрымкай Расеяй баевікоў на ўсходзе Украіны. З тых часоў абмежавальныя захады некалькі разоў падаўжалі. У санкцыйным спісе – шэраг расейскіх дзяржаўных дзеячаў, чыноўнікаў, военачальнікаў, а таксама верхаводы падтрыманых Расеяй баевікоў на непадкантрольных тэрыторыях Данбаса.

Таксама цяпер дзейнічаюць і перыядычна падаўжаюцца яшчэ два вялікія санкцыйныя пакеты ЕЗ у дачыненні да Расеі: сектаральныя эканамічныя санкцыі (на гэты момант дзейнічаюць да 30 студзеня 2020 года) і «крымскія», уведзеныя ў адказ на акупацыю і анэксію паўвострава (дзейнічаюць да 23 чэрвеня 2020 года).

Апошнія навіны