Зміцер Паліенка: А дзе падчас шэсцяў былі вы?
- 19.01.2020, 12:26
Узгадайце пра гэта, калі ў ваш дом зойдуць няпрошаныя госці.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў грамадскі актывіст, былы палітвязень Зміцер Паліенка:
«Трываць не магу крывадушнікаў і эгаістаў, якія аддаюць перавагу асабістаму спакою і камфорту, а не барацьбе за свабоду таварышаў, і свабоду ў прынцыпе.
«Гэта небяспечна. Гэта не так важна. Я лянуюся. У мяне справы. Магу штраф атрымаць. Могуць арыштаваць. А калі на працы даведаюцца...» - ужо ванітуе ад такіх апраўданняў. Але добра, што некаторыя хоць бы прызнаюцца і па праўдзе кажуць, што ім лянота, і для іх гэта не ў прыярытэце.
Вы абураецеся і смеяцеся з «малаколькасных акцый». А хто павінен зрабіць пратэст заўважным? А дзе падчас шэсцяў былі вы? Вы пісалі каментар да стрыму з онлайн-трансляцыі, у ВК або «Фэйсбуку» аб тым, што «пратэст малалікі і нічога не зменіцца». Вы глядзелі дома серыял ці фільм, або папівалі піва з сябрамі.
Нічога не зменіцца, калі ў галаве закладзены такі стэрэатып.
Рэвалюцыі, перавароты, звяржэнні тыранаў заўсёды рабілі тыя, хто не трывае несправядлівасці, смелыя, актыўныя людзі свабоды.
У гушчы апошніх падзей, асабліва пасля пратэстаў супраць інтэграцыі, усім, хто стаяць у баку, і апраўдвае сваю абыякавасць згаданымі вышэй слоўцамі хацелася б сказаць: калі ў ваш дом зойдуць няпрошаныя госці, узгадайце, дзе вы былі, і што вы рабілі ў той час, калі людзі змагаліся за вашу свабоду».