BE RU EN

У кіраўніка расейскага МЗС Лаўрова знайшлі элітную нерухомасць амаль за $10 мільёнаў

  • 17.01.2020, 16:46

Гэта істотна большая сума, чым даходы ягонай сям'і.

The Insider даследаваў нерухомасць, якая належыць міністру замежных спраў РФ Сяргею Лаўрову, і выявіў, што яе сумарны кошт складае блізу 600 млн расейскіх рублёў ($9,7 мільёнаў). Гэта істотна больш таго, што міністр мог бы дазволіць сабе на задэклараваны даход сваёй сям'і.

Загарадны дом Сяргея Лаўрова, выяўлены журналістамі, знаходзіцца ў элітным падмаскоўным пасёлку Ландшафт, вёска Жукаўка (суседнічае c Барвіхай). Гэта белы трохпавярховы асабняк плошчай 499 кв. м і зямельны пляц 28, 4 соткі. Дом і надзел былі ўпершыню задэклараваныя ў 2014 годзе (і, мабыць, тады і набытыя, хоць правы на дом былі зарэгістраваныя толькі ў 2015 годзе). Памер дома і надзела цалкам супадаюць з параметрамі ўласнасці, названай у афіцыйнай дэкларацыі міністра, аднак памер задэклараванага заробку моцна меншы за кошт дома. З 2008 да 2014 года, паводле афіцыйных звестак, Лаўроў і ягоная жонка Марыя агулам зараблялі блізу 4,5 млн расейскіх рублёў ($73 тысячы) за год на дваіх.

Паводле ж аб'яваў на сайтах продажу нерухомасці, мінімальны кошт дамоў у пасёлку Ландшафт пачынаецца ад 300 млн расейскіх рублёў ($4,8 мільёнаў). Так, дом плошчай 670 м2 на дзялянцы 29 сотак каштуе 335 млн рублёў ($5,4 мільёнаў). І такі іх кошт, а з 2014 года элітная нерухомасць на Рублёўцы патаннела, і некаторыя катэджы ў ландшафце каштуюць у 2019 годзе на 50% танней, чым у 2014. Але нават калі выказаць здагадку, што тады Лаўровы набылі свой асабняк за 300 млн ($4,8 мільёнаў), гэта было б эквівалентным іх гадавому даходу за 66 гадоў (калі не марнаваць больш ні на што).

Суседам Лаўрова, згодна з Расрэестрам, з'яўляецца Джахангір Махмудаў, сын вядомага алігарха Іскандэра Махмудава, звязанага з Ізмайлаўскай злачыннай групоўкай.

Пасёлак гэты наогул няпросты. Напрыклад, менавіта тут набыў дом экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч пасля сваіх уцёкаў. Згодна з выпіскамі з Расрэестра, 17 дамоў і зямельных надзелаў у гэтым пасёлку знаходзяцца ва ўласнасці Расейскай Федэрацыі (звычайна так чыноўнікі і сілавікі ўтойваюць звесткі аб сваёй нерухомасці ад грамадскасці), а звесткі яшчэ аб пяці дамах у афіцыйным рэгістратары чамусьці адсутнічаюць.

Але асабняк у Жукаўцы - не адзіная ўласнасць міністра. Яму таксама належыць кватэра ў элітным доме ў Швэдскім тупіку, 3 плошчай 247, 3 м2, вынікае з атрыманых выпісак. У 11-павярховым цагляным доме, таксама вядомым як «дом сяброў Пуціна», жывуць і іншыя знакамітасці. Кватэры тут былі ў сына бізнэсоўца Генадзя Цімчанкі Івана, кіраўніка «Растэха» Сяргея Чэмезава і былой жонкі кіраўніка «Раснафты» Марыны Сечынай. А на апошнім паверсе ў пентхаўсе туліцца Канстанцін Эрнст (калі яшчэ не паспеў прадаць гэтую кватэру).

Плошча кватэры Лаўрова ў гэтым доме таксама супадае з названай у дэкларацыях. Вось толькі яе кошт можа быць нават вышэйшым за кошт дома на Рублёўцы. На сайце ЦІАН на момант падрыхтоўкі матэрыялу была апублікаваная толькі адна аб'ява аб продажы кватэры ў гэтым доме - за 312 млн расейскіх рублёў ($5 мільёнаў) можна набыць 6-пакаёвыя апартаменты на 10 паверсе амаль аналагічнай плошчы — 288 кв. м.

Гэтую кватэру, паводле афіцыйных дакументаў, міністру падарыла яшчэ ў 2007 годзе яго дачка Кацярына. Сёння яна з'яўляецца жонкай бізнэсоўца Аляксандра Вінакурава, прэзідэнта інвестыцыйнай кампаніі «Марафон груп» і экс-прэзідэнта групы «Сума», але на момант падарунка Кацярыне было 25 гадоў, яна заканчвала магістратуру і сама таксама ніякім бізнэсам не займалася.

Афіцыйна дачка Лаўрова атрымала кватэру паводле дамовы мены з нейкім Новікавым Ігарам Валяр'янавічам, які на той момант быў ахоўнікам у ЧОПе «Згода-СБ». З тых часоў у яго жыццё наладзілася і цяпер ён гендырэктар дзвюх кампаній-ЗАТ «Свабода» і «Згода-інавацыйныя тэхналогіі». Апошняй кампаніяй валодае бізнэсовец Вардан Хачатран, які займаецца гатэльным бізнэсам. Пра тое, што звязвае Лаўрова з гатэльным бізнэсам, The Insider плануе напісаць у адным з наступных расследаванняў.

Агульны кошт нерухомасці Лаўрова, якой ён стаў валодаць да 2014 года, можа перавышаць 600 млн расейскіх рублёў ($9,7 мільёнаў). Улічваючы тое, што ягоны заробак на пасадзе сталага прадстаўніка ў ААН наўрад ці мог быць прынцыпова вышэйшым за заробак міністра, то на такую суму дыпламату давялося б збіраць больш за сотню гадоў. Журналіст звярнуўся ў МЗС з просьбай патлумачыць гэты парадокс і атрымаў адказ: «Уласнасць і даходы за 50-гадовую кар'еру Сяргея Лаўрова, роўна як і звязаныя з уласнасцю прававыя дзеянні, задэклараваныя і аформленыя ў строгай адпаведнасці з расейскім заканадаўствам». Гэта, зрэшты, адказ не на тое пытанне, якое задаваў The Insider.

Апошнія навіны