BE RU EN

Зяленскі запатрабаваў за два тыдні знайсці тых, хто праслухоўваў Ганчарука

  • 17.01.2020, 15:03

Адпаведныя загады прэзідэнт Украіны даў сілавікам.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патрабуе ад праваахоўных органаў за два тыдні ўстанавіць датычных да запісу гутарак падчас сустрэчы прэм'ер-міністра Аляксея Ганчарука, міністраў і прадстаўнікоў Нацыянальнага банка, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на Офіс прэзідэнта Украіны.

«Патрабую, каб за два тыдні, як мага хутчэй каб мы з вамі атрымалі інфармацыю - хто вёў запісы... Знайсці, хто гэта зрабіў, і з гэтым разабрацца», - заявіў Зяленскі.

Адпаведнае заданне кіраўнік дзяржавы паставіў падчас сустрэчы з кіраўнікамі Службы бяспекі Украіны, Офіса генеральнага пракурора, Міністэрства ўнутраных спраў, Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро, Дзяржаўнага бюро расследаванняў і Управы дзяржаўнай аховы.

Акрамя таго, прэзідэнт адзначыў, што ў рамках крымінальнай справы павінна быць дакладна ўстаноўленае кола асоб, якія прысутнічалі на перамовах, і высветленыя абставіны, пры якіх яны адбываліся.

Ён дадаў, што, паводле слоў прэм'ер-міністра, было некалькі перамоваў, і сустрэча, з якой быў апублікаваны першы ўрывак, прадаўжалася 5 гадзін.

Зяленскі таксама патрабуе цягам двух тыдняў распрацаваць неабходныя захады, каб выключыць такія інцыдэнты ў будучыні і тэхнічна забяспечыць абарону інфармацыі.

З ягоных слоў, несанкцыянаванае праслухоўванне і фіксаванне размоў не павінна мець месца ў памяшканнях органаў дзяржаўнай улады ўсіх узроўняў, бо гэта пытанне нацыянальнай бяспекі.

Апошнія навіны