Недаялбасіў
- 17.01.2020, 9:53
Ху із містар Мішусцін?
Добра, што заўсёды можна спадзявацца на расейцаў, якія падкінуць да Давоса чарговую загадку з серыі «Ху із містар...?», піша тэлеграм-канал «Серпом По».
Сёлета можна абмеркаваць Мішусціна.
Але самім расейцам значна цікавейшае іншае: што гэта было? Да чаго ўся гэтая спешка з перапісваннем Канстытуцыі і зменай урада?
Што раптам такога даведаўся Пуцін, што пстрыкнула ў яго ў галаве, што ён паміж «Турэцкім струменем» і Лівіяй раптам задумаў змяніць усё і ўсіх?
Пасля ягонай учорашняй сустрэчы з працоўнай групай у змяненні Канстытуцыі, куды сабралі ўсіх, хто не мае ніякага ўяўлення пра канстытуцыйнае права, стала канчаткова зразумела: Пуцін і сам не ведае, чаго хоча. Акрамя легітымацыі пажыццёвага падаўжэння сваёй улады, зразумела.
І пры гэтым ужо анансавана, што ўсё будзе зроблена ўдарнымі тэмпамі – яшчэ да святкавання 75-годдзя Перамогі.
Апошні раз так спяшаўся Ельцын у 1999 годзе. Але там было зразумела, чаго ён баяўся: перамога злоснікаў Сям'і – рэгіянальных баронаў на чале з Лужковым і Прымаковым – была цалкам рэальная. А яе наступствы для ельцынскага атачэння – ад дачок з зяцямі да Беразоўскіх-Абрамовічаў – маглі быць вельмі сумныя.
Што так напалохала Пуціна, змусіўшы яго на яшчэ большую авантуру?
Бо калі заўтра з ім нешта здарыцца, то паводле дзейнай пакуль Канстытуцыі краіна апынецца ў руках пачаткоўца-прэм'ера. З яго незразумела на чым разбагацелай раднёй, цьмянымі бізнэс-сябрамі і нулявым палітычным досведам (збор падаткаў і аблічбоўка фіскальных звестак – не палітыка).
Наступныя за ім на чарзе да ядзернай скрыні – састарэлая камсамолка Мацвіенка і сын багатай мамы з Саратава Валодзін.
І гэта гаворка пра краіну, якая ў рознай ступені ўдзельнічае ў некалькіх міжнародных ваенных канфліктах ад Данбаса да Сірыі!
Што тут сказаць? Усім, хто не хоча грызні за ўладу пуцінскай шайкі з непрадказальнымі для краіны наступствамі, застаецца, мабыць, толькі спяваць: «Божа, цара беражы».
P. S. І нехта параўноўвае Пуціна з елбасы Назарбаевым? Калі Пуцін пастанавіў паўтарыць ягоную штуку з уладай, то ён вельмі дрэнна падрыхтаваўся.