BE RU EN

Навукоўцы знайшлі спосаб амаладзіць мозг

  • 10.01.2020, 16:37

Адкрыццё здзейснілі нямецкія навукоўцы.

Навукоўцы распрацавалі метад, які дазваляе шляхам уздзеяння на ствалавыя клеткі галаўнога мозгу павялічыць колькасць нейронаў, замарудзіўшы тым самым працэсы старэння мозгу, і часткова вярнуць яму страчаныя кагнітыўныя функцыі. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature Communications, паведамляе ria.ru.

З узростам зніжаецца функцыянальная пластычнасць мозгу, пагаршаюцца кагнітыўныя здольнасці і памяць, а таксама здольнасць арыентавацца ў прасторы. Шмат у чым гэта звязанае з паслабленнем нейрагенезу - новаўтвораных нейронаў, генераваных ствалавымі клеткамі мозгу.

Нямецкія навукоўцы на чале з прафесарам Федэрыка Калегары (Federico Calegari) з Цэнтра рэгенератыўнай тэрапіі Тэхнічнага ўніверсітэта Дрэздэна наважылі высветліць, ці дапаможа павелічэнне колькасці ствалавых клетак у мозгу аднавіць кагнітыўныя функцыі, такія як навучанне, памяць і здольнасць да навігацыі.

З дапамогай спецыяльных ін'екцый аўтары стымулявалі нервовыя ствалавыя клеткі гіпакампа мышэй, каб павялічыць іх актыўнасць і колькасць клетачных цыклаў проліфератыўных дзяленняў. Гэта прывяло да павелічэння колькасці новаўтвораных нейронаў і, як следства, да заўважнай кампенсацыі ўзроставага зніжэння нейрагенезу ў старых мышэй і паляпшэння кагнітыўных функцый як у старых, так і ў маладых.

Навукоўцы назіралі, што новыя нейроны не проста цягам доўгага часу захоўвалі жыццяздольнасць, але і ўтваралі сувязі з суседнімі клеткамі ў мозгу жывёлін. У старых мышэй пры гэтым аднаўлялася страчаная здольнасць арыентавацца ў прасторы з дапамогай пабудовы мапаў навакольнага асяроддзя - так, як гэта робяць маладыя асобіны, а не з дапамогай стратэгіі запамінання арыенціраў і выпрацоўкі звычкі, характэрнай для паджылых.

«У маладых асобін вобласць мозгу, званая гіпакампам, мае вызначальнае значэнне для запамінання месцаў і падзей, а таксама адказвае за стварэнне мапаў новых асяроддзяў. Паджылыя асобіны выкарыстоўваюць іншыя структуры, больш звязаныя з развіццём звычак. Было вельмі цікава ўбачыць, што дадаванне большай колькасці нейронаў у гіпакамп старых мышэй дазволіла ім выкарыстоўваць стратэгіі, тыповыя для маладых жывёлін. Гаворка ішла не толькі пра тое, наколькі хутка яны вучыліся, але, хутчэй, пра тое, наколькі адрозніваўся сам працэс навучання», - прыводзяцца ў прэс-рэлізе Тэхнічнага ўніверсітэта Дрэздэна словы першага аўтара даследавання Габрыэль Бердуга-Вега (Gabriel Berdugo-Vega).

Дабратворна дзейнічала стымуляванне ствалавых клетак і на мозг маладых мышэй. Цягам жыцця ў іх даўжэй захоўвалася памяць, а ўзроставыя кагнітыўныя парушэнні былі адтэрмінаваныя.

«У людзей таксама ёсць ствалавыя клеткі ў галаўным мозгу, і вядома, што гэтыя ствалавыя клеткі значна скарачаюцца цягам жыцця. Выяўленне прычын, якія ляжаць у аснове кагнітыўнага дэфіцыту пры старэнні, і іх ухіленне маюць вызначальнае значэнне для грамадства, якое хутка старэе. Наша даследаванне дэманструе, што ўзроставыя парушэнні можна спыніць шляхам аднаўлення нейрагеннага патэнцыялу мозгу, такім чынам амалоджваючы яго», - кажа прафесар Калегары.

Апошнія навіны