BE RU EN

Аляксей Яўгенаў: Увесь год змагаемся

  • 1.01.2020, 20:26

Ідзе наступ на правы работнікаў.

Прадстаўнік незалежнага прафзвязу РЭП у Магілёўскай вобласці Аляксей Яўгенаў пракаментаваў praca-by.info вынікі 2019-га года.

- Увесь год змагаемся. У судах мелі пэўныя поспехі: мы перамагаем у 90 працэнтаў спраў, хоць не маем такіх магчымасцяў, як федэрацыя прафзвязаў, юрыстаў не стае. Людзей падманваюць, заключаюць несправядлівыя дамовы, грошы забіраюць. Па-сутнасці, толькі наш прафзвяз супрацьстаіць гэтым дзеянням уладаў, начальнікаў, якія карыстаюцца сітуацыяй і не жадаюць мець нармальныя стасункі з рабочымі. Але трэба змагацца, неяк абараняцца.

Я вось у прафзвязе з 1993 года і пастаянна бачу, што ідзе наступ на правы работнікаў. Калі маленькая частка багацее, астатнія страчваюць не толькі грошы, але і свае правы і магчымасць нават выказацца.

Вось Платформа, якую мы прапануем, - гэта, вядома, спроба неяк змяніць сітуацыю, дапамагчы людзям усвядоміць свае праблемы і арганізавацца. Гэта для нас задача на наступны год - дапамагчы людзям згуртавацца і абараняць сябе.

Што тычыцца з'езду, прафзвяз павінен існаваць, нягледзячы ні на што. Я бачыў, як моцныя незалежныя прафзвязы не ў стане былі ў пэўны момант супрацьстаяць уладзе. Таму я хачу пажадаць, каб наш прафзвяз у гэтых няпростых умовах, калі ідзе ціск на арганізацыю і на лідараў, абавязкова выстаяў.

Апошнія навіны