У Канадзе ўраган «Дарыян» пакінуў без святла звыш 450 тысяч дамоў
- 8.09.2019, 19:10
Хуткасць парываў ветру ў выніку праходжання «Дарыяна» месцамі складала 145 км/г.
Ураган «Дарыян» вечарам у суботу, 7 верасня, паваліў шматлікія лініі электраперадачы і пакінуў без святла звыш 450 тысяч будынкаў у канадскіх правінцыях Нью-Брансуік і Востраў Прынца Эдварда. Аб гэтым піша газета The New York Times (пераклад - «Нямецкая хваля»).
Нягледзячы на тое, што пасля таго як «Дарыян» дасягнуў сушы, навукоўцы перавялі яго ў катэгорыю «надта інтэнсіўнага посттрапічнага» шторму, хуткасць парываў ветру месцамі складала 90 міль за гадзіну (блізу 145 кіламетраў на гадзіну), а выкліканыя ім хвалі дасягалі адзнакі 65 футаў (амаль 20 метраў).
На Багамскіх выспах разгул стыхіі прывёў да гібелі 43 чалавек. У пацярпелыя правінцыі былі перакінутыя прыблізна 700 вайскоўцаў. Яны задзейнічаныя ў выратавальных аперацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства.
У нядзелю, 1 верасня, ўраган «Дарыян», які на той момант узмацніўся да максімальнай пятай катэгорыі, абрынуўся на выспы Абака ў паўночна-ўсходняй частцы Багамскіх выспаў. Сіла ветру дасягала 300 кіламетраў на гадзіну. Гэта быў самы магутны ўраган на Багамах за ўвесь час маніторынгу ў сучаснай гісторыі.
Паводле інфармацыі ААН, на выспах Абака і Вялікія Багамы да 70 тысяч чалавек маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе праз недахоп харчавання, вады, а таксама праз катастрафічныя разбурэнні. Туды пакуль можна трапіць толькі на верталёце, бо аэрапорты ў рэгіёне затопленыя або пашкоджаныя.
У сераду, 4 верасня, «Дарыян» небяспечна блізка падышоў да ўзбярэжжа амерыканскага штата Фларыда. На рэгіён абрынуліся штармавыя вятры і праліўныя дажджы. Аднак, насуперак прагнозам, ураган так і не дасягнуў сушы на тэрыторыі ЗША.