BE RU EN

Сябры Оўшэна: З дна Балтыйскага мора скралі 740-кілаграмовую абсерваторыю

  • 7.09.2019, 13:37

Ля берагоў Нямеччыны знікла станцыя навуковых даследаванняў.

Пакуль Марк Цукерберг і Сяргей Брын раздаюць мільёны даляраў навукоўцам за самыя гучныя адкрыцці, іншым мецэнатам час зацвердзіць прэмію за самы знаходлівы крадзеж. Тым больш, што кандыдаты ўжо ёсць.

Як піша Live Science, нядаўна ў Балтыйскім моры знікла нямецкая абсерваторыя для навуковых даследаванняў. Пасля папярэдняга расследавання інцыдэнту ў навуковым цэнтры вывучэння акіяну GEOMAR у горадзе Кіль заяўляюць, што ні вялікія жывёлы, ні шторм не маглі перасунуць абсерваторыю.

Навуковае абсталяванне вагой 740 кг было размешчанае ў абмежаванай 1,8-кіламетровай зоне ля паўночнага ўзбярэжжа Нямеччыны, непадалёк ад мяжы з Даніяй. Абсерваторыя збірала звесткі з марскога дна і перадавала інфармацыю на сушу.

Пасля інцыдэнту, які адбыўся ў канцы жніўня 2019-га, ад абсерваторыі застаўся толькі абарваны сілавы кабель. Марская станцыя складалася з дзвюх масіўных клетак з электрычнымі генератарамі і датчыкамі.

Паведамляецца, што гэтае абсталяванне выкарыстоўвалася ў праекце збору інфармацыі пра навакольнае асяроддзе ў перыяд з 1957-га. Кошт абсерваторыі – 300 тыс. еўраў, але інфармацыя, якую яна змяшчае, мае значна большую каштоўнасць для навукоўцаў.

Цяпер паліцыя расследуе здарэнне, а навукоўцы з GEOMAR просяць дапамогі ў людзей, якім што-небудзь вядома пра гэты крадзеж.

Апошнія навіны