BE RU EN

У Менску падчас капрамонту ўпала будаўнічая люлька з рабочымі

  • 5.09.2019, 20:01

Рабочыя змаглі ўтрымацца ў канструкцыі.

У Менску падчас капрамонту дома на Філатава, 7, абрынулася будаўнічая люлька з рабочымі.

Відавочца здарэння Іван Вядзенін апублікаваў фота і відэа ў сябе ў Facebook з подпісам «трохі жаху пад іменем капрамонт». На кадрах бачна, як люлька павісла паміж чацвёртым і другім паверхам.

- Абрынулася адна з апор падвеснага балкона разам з рабочымі. На шчасце, другая вытрымала і працоўныя паспяхова эвакуіраваліся.

Абышлося без пацярпелых. Рабочыя ўтрымаліся ў канструкцыі і змаглі зайсці ў акно на другім паверсе.

Са слоў відавочцы, на месцы не было ні міліцыі, ні МНС. Будаўнікі самі знялі павіслую люльку з дапамогай крана.

У Менскім гарадскім упраўленні Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы паведамілі tut.by, што выклікаў па такім адрасе не паступала, але патлумачылі - калі здарэнне без пацярпелых, то гэтае пытанне не ў іх кампетэнцыі.

Апошнія навіны