BE RU EN

Чым магілёўскія актывісты так напалохалі ўладу?

  • 27.09.2019, 9:49

Чыноўнікі і прадстаўнікі «Омск Карбона» бегаюць ад сустрэчаў з імі.

Пераканацца, што вытворчасць магілёўскага «Омск Карбона» не будзе шкоднай для людзей і навакольнага асяроддзя. Для гэтага актывісты правялі сустрэчу і запрасілі на яе прадстаўнікоў улады і кіраўніцтва завода. Аднак адказныя асобы сход праігнаравалі, паведамляе «Белсат».

Дзмітрый Яўстраццеў, арганізатар сустрэчы:

«Чаму выбралі гэтае прадпрыемства? Напэўна таму, што яно стала апошняй кропляй у чарадзе кластара хімічных прадпрыемстваў. Санітарна-ахоўная зона “Хімвалакно” ў сутнасці стала санітарнай ахоўнай зонай для гэтага кластара прадпрыемстваў, і сумарнага выкіду ад гэтых прадпрыемстваў, напэўна, ніхто і не лічыў».

Пасля спробнага запуску летась на «Омск Карбоне» адбыўся выкід цвёрдых часціцаў у атмасферу, які перавысіў норму ў 40 разоў. Вытворчасць прыпынілі, кіраўніцтва казала, што планава. Расследаваць сітуацыю запрасілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. У цяперашні час прадпрыемства атрымала станоўчы вынік санітарна-экалагічнай экспертызы. Завод размесціў дакумент на сваім сайце, аднак у незалежных эколагаў засталіся пытанні.

Ганна Скрыган, міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Экапраект»:

«З аднаго боку, быццам і паказаны працэс ачысткі, але не прыведзеныя тэхнічныя параметры цыклонаў, якія істотныя пры абмеркаванні і разуменні таго, што будзе адбывацца. Трэба ведаць магутнасць цыклонаў, як яны будуць абслугоўвацца, якія часціцы ўлоўліваюцца, куды гэта накіроўваецца».

Частка тэхнічных характарыстык складае камерцыйную тайну, заяўляюць прадстаўнікі «Омск Карбона», а таму размяшчаць яе ў агульным доступе не будуць. Азнаёміцца з дакументам цалкам на ўмовах невыдавання інфармацыі актывістам прапаноўвалі на спецыяльнай прэс-канферэнцыі на мінулым тыдні. Магілёўцы палічылі прапанову вывучэння больш як 100 старонак цягам прэс-канферэнцыі нерэальнай. А чаму прапанову прыйсці на новую сустрэчу не падтрымалі прадстаўнікі завода?

Андрэй Буракоў, старшыня юрыдычнага аддзела «Омск Карбон Магілёў»:

– Ну, завод жа будуем. Не было магчымасці прыйсці ўчора.

– Ні ў кога?

– Так, мы ж не можам адправіць працоўнага якога. Павінен быць кваліфікаваны спецыяліст.

Між тым нават даступная на сайце ацэнка ўздзеяння прадпрыемства на навакольнае асяроддзе, пададзеная з выкарыстаннем вузкай тэрміналогіі, можа быць не зразумелая неадмыслоўцам. Наколькі бяспечна адчуваюць сябе магілёўцы побач з такім суседам?

«Хай бы казалі пра гэта, ці нейкія звесткі давалі... каб людзі маглі з даверам ставіцца».

«Я давяраю нашым лабараторыям, якія вымяраюць гэтыя выкіды. Спадзяюся, што не дапусцяць гэтага».

«Сёння нават больш бяспечныя прадпрыемствы выклікаюць асцярогу, а такія магутныя, з вялікімі магутнасцямі, якія выкарыстоўваюць у вытворчасці свінец, вядома, гэта праблема».

Увод у эксплуатацыю вытворчай лініі завода запланаваны ўжо сёлета ў чацвёртым квартале.

Апошнія навіны