BE RU EN

Эколагі паставілі пад сумнеў словы «Расатама» пра гатоўнасць БелАЭС да запуску

  • 26.09.2019, 10:20

Ацэнкі могуць сур'ёзна разыходзіцца з рэальнасцю.

Генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі ў атамнай энэргіі «Расатам» Аляксей Ліхачоў 24 верасня заявіў, што першы блок БелАЭС гатовы на 97%, паведамляе «Белсат».

«Першы блок знаходзіцца ў найвышэйшай ступені тэхнічнай гатоўнасці, мы ацэньваем – гэта 97% рэалізацыі праекта. Сёння мы ў прынцыпе з дакладнасцю да дзён можам распісаць усе падзеі і дзеянні, уключаючы фізічны пуск, падключэнне да сеткі, выхад на 100% магутнасці», – заявіў ён. Нагадаем, паводле плану першы энэргаблок БелАЭС павінен быць уведзены ў эксплуатацыю да канца 2019 года.

Чалец рады ГА «Экадом» Ірына Сухій у каментары адзначыла, што паралельна з заявай Ліхачова тэлеграм-каналу NEXTA стала вядома, што пры будаўніцтве БелАЭС праз карупцыю быў дапушчаны шэраг дэфектаў. На думку Сухій, гэта сведчыць пра тое, што на БелАЭС могуць быць і іншыя недапрацоўкі.

«Мы не ведаем, якія парушэнні і праблемы там былі яшчэ ў працэсе будаўніцтва. З нейкіх фрагментарных звестак (абвалілася нешта, пабілі корпус рэактара) можна меркаваць, што там, верагодна, шмат парушэнняў і праблемаў. Таму гэтыя 97% гатоўнасці могуць быць вельмі ўмоўнымі. Вонкава энэргаблок можа быць гатовы на 97%, але пры рэальнай ацэнцы якасці можа апынуцца, што гэтую АЭС увогуле нельга запускаць», – кажа яна.

Сухій падкрэслівае, што адным з галоўных патрабаванняў эколагаў з'яўляецца ўсталяванне фільтраў у сістэме вентыляцыі БелАЭС, якія не дапускалі б шкодных выкідаў у атмасферу.

«Адзін з галоўных момантаў, на якіх мы настойваем – гэта фільтры ў сістэме вентыляцыі. Гэта цяпер укараняецца на ўсіх атамных станцыях, бо гэта можа знізіць выкіды радыенуклідаў пры працы АЭС у звычайным, безаварыйным рэжыме. Бо ўсе станцыі ўсё роўна выкідваюць значную колькасць радыенуклідаў і на адлегласці 10 кіламетраў гэта даволі прыкметнае ўздзеянне можа быць. Нямецкія навукоўцы, напрыклад, сцвярджаюць, што за 10 км ад АЭС шанец захварэць на лейкемію вырастае ў некалькі разоў. Гэта вельмі сур'ёзныя рэчы», – падкрэслівае прадстаўніца «Экадому».

Таксама эколагі выступаюць супраць таго, каб адпрацаванае паліва з БелАЭС накіроўвалі на перапрацоўку ў Расею з вяртаннем адкідаў у Беларусь. Нагадаем, менавіта такі план сёлета зацвердзілі ва ўрадзе.

«Думаю, Беларусі не трэба транспартаваць адпрацаванае ядзернае паліва ў Расею, а потым перапрацаванае весці назад. На чыгунцы могуць быць аварыі, гэта толькі павялічвае небяспеку», – адзначыла суразмоўца. Сухій мяркуе, што адкіды трэба захоўваць у спецыяльных сховішчах на самой станцыі – менавіта на карысць гэтага сведчыць цяперашні сусветны досвед.

Апошнія навіны